Баевікі ДНР правялі калону ўкраінскіх палонных па Данецку (відэа)
У часе праходжання калоны прыхільнікі самаабвешчанай рэспублікі кідалі ў іх яйкі, памідоры і пластыкавыя бутэлькі з вадой.
Калону прагналі па цэнтральнай вуліцы гораду ўздоўж плошчы імя Леніна. Пра гэта паведамілі мясцовыя жыхары, якія сталі сведкамі падзеі. Суразмоўцы УНІАН паведамілі, што недзе каля 100 ваеннапалонных з заведзенымі за спіну рукамі прайшлі калонай у суправаджэнні канваіраў з аўтаматамі.
Напярэдадні на плошчу Леніна баевікі звезлі некалькі спаленых і пашкоджаных адзінак ваеннай тэхнікі — танкаў, БТРаў, гарматаў, а таксама сістэму “Град”. Паводле цверджанняў баевікоў, гэта ваенная тэхніка належыць украінскаму войску і цяпер з’яўляецца трафеем.
Як паведаміла данецкае інтэрнэт-выданне Ура — Інформ.Данбас, у часе праходжання ўкраінскіх ваеннапалонных “раз’юшаны натоўп закідвае палонных камянямі, петардамі і памідорамі”. Пасля праходжання калоны праехалі палівальныя машыны, якія змылі вадой асфальт.
У сваю чаргу, карэспандэнт “ОстроВа” паведамляе, што прыхільнікі ДНР пракліналі палонных і кідалі ў іх яйкі і пластыкавыя бутэлькі з вадой. Некаторыя з натоўпу выскоквалі, каб ударыць некага з палонных, але канвой спыняў такія спробы. Пасля “маршу” палонных пасадзілі ў аўтобусы і звезлі.