“Белае люстэрка” — новы фэст, дзе музычнае кіно ператвораць у рэальнасць

Фестываль фільмаў і музыкі “Белае люстэрка” (“Белое зеркало”) распачынаецца ў Мінску на пачатку лістапада, акурат пад завесу афіцыйнага кінафестывалю “Лістапад”. Але ў адрозненні ад “проста кіно”, у “Белага люстэрка” новы для Беларусі фармат — шчыльнае спляценне кінематографа і музыкі. 
 
“Мы хочам, каб пасля кожнага паказу чалавек мог сам адчуць дух таго, што ён бачыў на экране, — распавядае Еўрарадыё арганізатар фестывалю Аляксандр Багданаў. — Таму пасля бразільскага фільма “Трапікалія” будзе вечарынка FEEL BRAZIL, якую зробяць нашы сябры са школы капуэйры FICAG. І я думаю, што гэта зможа ў поўнай меры перадаць атмасферу бразільскага ўгару і бразільскага рэвалюцыйнага настрою. Пасля “Чыка і Рыта” мы зробім вечарыну CUBA Libre party, дзе будуць гучаць з пласцінак калекцыйныя кубінскія джаз- і ска-хіты”. 
 
А пасля “П’янага матроса” усе змогуць паслухаць уласна брытанскі гурт The Tiger Lillies, пра які і ідзе расповед у фільме.
 
“Насамрэч, мы пераглядзелі вельмі шмат музычных фільмаў, і пра рок-н-рол, і пра вядомых музыкаў, і пра фестывалі, але ўсе яны, насамрэч, не ўстаўляюць, не ўражваюць так, каб гэта заставалася з табой далей, — кажа Аляксандр Багданаў. — А тыя тры фільмы, якія мы выбралі, не пакідаюць абыякавым”.
 
Назва фэсту “Белае люстэрка” — не проста прыгожае словазлучэнне. Арганізатары выбралі яе як супрацьпастаўленне “Чорнаму люстэрку” (“Black mirror”), нашумеламу брытанскаму серыялу, дзе ў алегарычнай форме, праз “чорнае” адлюстраванне СМІ паказваецца дэградацыя сучаснага грамадства.
 
“Мы ж хочам паказаць праз белы экран кіназала развіццё сучаснага грамадства і яго станоўчыя бакі, — тлумачыць Багданаў. — І праз гэтае “белае люстэрка” развіваць людзей і неяк падтрымліваць у іх добрае”.
 
 
Праграма фестывалю кіно і музыкі “Белае люстэрка” 
 
7 лістапада 
19:00 Кіно “Трапікалія” (2012). ЦЭХ.
 
8 лістапада 
16:00 Нямое кіно “Касмічны рэйс” (1935) пад жывое музычнае суправаджэнне ад праекта Паўла Кузяковіча “Грёзы Пафнутия”. Палац Мастацтваў.
19:00 Мультфільм "Чыка і Рыта" (2010). Палац Мастацтваў.
23:00 Бразільская вечарына FEEL BRAZIL Movimento. Loft Café.
 
9 лістапада 
16:00 Нямое кіно “Молчи, грусть молчи” (1918) пад жывое музычнае суправаджэнне трыа “Маніпура”. Палац Мастацтваў.
19:00 Кіно “П'яны матрос” (2007). Палац Мастацтваў.
23.00 Кубінская вечарынка CUBA Libre party. Бар “Хуліган”.
 
10 лістапада 
16.00: Нямое кіно “Менільмонтан” (1926) пад жывое музычнае суправаджэнне ад акардэаніста Ягора Забелава. Галерэя “Ў”.
19.00 Канцэрт брытанскага кабарэ-трыа The Tiger Lillies. Клуб RE:public.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі