Яшчэ ў канцы снежня мінулага года Лукашэнка даручыў ураду наладзіць альтэрнатыўныя пастаўкі. І 80 тысяч тон нарвежскай нафты ў пачатку наступнага тыдня праз Літву трапяць на "Нафтан".
"Кожны год перад новым годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. Пра тое, што будзе шукацца альтэрнатыва, ён расказаў Уладзіміру Пуціну.
Лукашэнка падрабязна спыніўся на маршрутах паставак нафты ў Беларусь. Першы — праз порты ў краінах Балтыі, куды нафта дастаўляецца танкерамі. Нарвежская нафта паступіла праз Клайпеду. Другі — з Гданьска па нафтаправодзе "Дружба" (яго давядзецца запусціць у рэверсным рэжыме, каб накіраваць нафту не на захад, а на ўсход — у Беларусь). Якраз пра польскі варыянт Аляксандр Лукашэнка і праінфармаваў расійскага прэзідэнта. Трэці — праз Украіну з Чорнага мора (раней Беларусь пастаўляла па гэтым маршруце венесуэльскую нафту).
Чацвёртым накірункам беларускі кіраўнік назваў Расію, паколькі ад яе нафты ў Мінску адмаўляцца не збіраюцца. Раней ён заявіў, што там будзе набывацца 30-40% патрэбнай Беларусі нафты.
"Такім чынам адбудзецца дыверсіфікацыя паставак, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта значыць мы не з адной краіны ад манаполіі будзем атрымліваць нафту".
Лукашэнка таксама паведаміў, што на дадзены момант згаданыя маршруты тэстуюцца, каб зразумець, якія "будуць страты ў параўнанні з цяперашнім коштам расійскай нафты". "Гэта не блеф, гэта не тое, што, як яны там кажуць, Лукашэнка стаўкі падымае перад перамовамі, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Ніякіх ставак!".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі ў любым выпадку трэба было б рэалізаваць гэты праект. І чым раней гэта адбудзецца, тым лепш. "Нам нельга залежыць ад адной краіны, аднаго прадпрыемства", — сказаў працоўным Лукашэнка.
У Шклове кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што наша краіна дамаўляецца пра пастаўкі нафты з "амерыканцамі, Саудаўскай Аравіяй, Эміратамі". І яны, па словах Аляксандра Лукашэнкі, гатовы паставіць любы аб'ём нафты. "Вядома, гэта сусветны кошт, — працягваў Лукашэнка. — Але якасць нафты там лепшая".