Беларусь не падоўжыла мандат офісу АБСЕ ў Мінску

Беларусь прыняла рашэнне не падаўжаць мандат Офісу АБСЕ ў Мінску. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Ён адзначыў, што гэта асэнсаванае рашэнне, бо няма аб’ектыўных падставаў для захавання місіі АБСЕ ў краіне. Гэтую пазіцыю ўжо выкладалі ў афіцыйных заявах беларускага боку цягам некалькіх год, перадае БЕЛТА.

Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што за час працы офіса арганізацыі ад 2003 года ў Беларусі рэалізаваны шэраг значных сумесных праектаў. У прыватнасці, эксперты АБСЕ і зацікаўленыя дзяржустановы паспяхова супрацоўнічалі ў галіне развіцця альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, сельскага турызму, аднаўлення пацярпелых ад Чарнобылю рэгіёнаў. Апроч таго, асаблівую ўвагу ў рамках сумесных праектаў надавалі стварэнню эфектыўных механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных і грамадскіх арганізацыяў, развіццю заканадаўства аб мясцовым кіраванні, барацьбе з гандлем людзьмі.

Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што ацэнка вынікаў дзейнасці офісу кажа пра тое, што мандат выкананы. Ён спасылаецца на досвед Латвіі, Эстоніі і Грузіі, дзе ў апошнія гады аналагічныя прадстаўніцтвы АБСЕ былі зачыненыя пасля пэўнага перыяду іх працы.

Андрэй Савіных адзначыў, што рашэнне аб спыненні працы офіса АБСЕ ў Мінску не прывядзе да зніжэння ўзроўню ўзаемадзеяння Беларусі з гэтай арганізацыяй. Беларусь гатовая да ўмацавання і павышэння эфектыўнасці практычнага ўзаемадзеяння з інстытутамі АБСЕ па ўсіх кірунках праграмнай дзейнасці арганізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі