Беларус сярод сусветных лідэраў лыжнага спорту

Беларускі лыжнік Леанід Карняенка заняў другое месца на Чэмпіянаце свету ў японскім горадзе Сапара. Хоць у каманду ён трапіў выпадкова — толькі дзеля таго, каб закрыць чацвёртае месца ў эстафеце. Гэта найвялікшае дасягненне Беларусі ў лыжным спорце. 

Леанід — самы малады лыжнік у нашай зборнай: яму ўсяго 19 год. Але гэты хлопчык на пятнаццацікіламетровай гонцы абыйшоў такіх мэтраў лыжнага спорту, як немец Ангерэр і нарвежац Б’ёрндален. Зараз увесь свет ламае галаву над тым, адкуль узяўся гэты беларускі феномен.


Еўрарадыё вырашыла дапамагчы нашым слухачам у ідэнтыфікацыі героя. У Мінску Леанід трэніруецца толькі 4 месяцы, а родам ён з беларускага горада Клімавічы. Але ж вырашыў не рабіць галоўнай мэтай свайго жыцця выкарыстанне прадукцыі Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода.


Яго лыжная кар’ера пачалася даволі позна – у 14 год. Вось што нам расказаў пра яго трэнер Дзмітрый Праявенка:


"Не ў вельмі добрай сям’і рос. Выхоўвала Леаніда маці. У сям’і было шмат дзяцей. Таму гэта было адной з прычын таго, што яго клімавіцкі трэнер параіў яму паступіць у Магілёў. Атрымліваецца, што сапраўднага бацькоўства ў Леаніда не было".


Першай спартыўнай установай у жыцці Леаніда Карняенка стала Магілёўскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Пра свайго выхаванца працягвае распавядаць Дзітрый Праявенка:


"Праца з Леанідам ідзе па брыгадным метадзе: яго трэніруе разам са мной мой сын. У школьныя гады я з ім працаваў, а пачынаючы з першых курсаў і да гэтага моманту – мой сын. З самага пачатку Леанід меў пэўныя задаткі. Вынікі, канешне, раслі.


У гэтым годзе мы яго планамерна рыхтуем да першынства свету сярод юніёраў, якое адбудзецца ў сакавіку. Хачу сказаць толькі адно: вельмі мэтанакіраваны хлопец. Заўсёды меў свой асабісты погляд, заўсёда яго адстойваў".


Цікава, што Карняенка нават не з’яўляецца лепшым беларускім лыжнікам. Так, на апошнім першынстве краіны Леанід быў толькі трэцім. Нават у Японіі яго трэнеры разлічвалі максімум на 30-е месца. Гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай частцы мінскай Школы вышэйшага спартыўнага майстэрства Наталля Бурлакова:


"Вельмі добры, малады, перспектыўны хлопчык. Канешне, мы на яго ўскладваем вялікія надзеі. У яго ж яшчэ ўсё наперадзе. У Леаніда вельмі добры каньковы ход. Ён пастаянна ў раз’ездах па зборах, яго амаль не бывае на месцы.


Упершыню паказаць такі вынік! У нас дарослы Далідовіч ніяк не здолее, а тут… Планавалі, што ён у трыццатку толькі трапіць. Ён, канешне, вельмі моцны як спартсмен, але ж другое месца, мы нават не думалі, што яму так пашанцуе".


У мінулым годзе Леанід Карняенка нават бег у прэзідэнцкай камандзе на “Мінскай лыжні – 2006.” Хутчэй за ўсё ён выступаў бы і ў гэтым годзе, але спаборніцтва перанеслі з-за занадта халоднага надвор’я.


На сусветны чэмпіянат, па словах галоўнага трэнера зборнай Вадзіма Сашурына, Карняенку ўзялі толькі таму, што трэба было знайсці чацвертага чалавека ў эстафету.


І хаця Леанід на першай дыстанцыі чэмпіянату — дуатлоне на 30 кіламетраў — нават не дайшоў да фінішу, ужо ў гонцы на 15 кіламетраў выклаўся поўнасцю і ўзяў срэбраны медаль.


Цікава, як паставіліся да перамогі нашага земляка прафесійныя лыжнікі? Расіянін Сяргей Шыраеў, якога лічылі адным з прэтэндэнтаў на ўзнагароду, лічыць, што перамога Карняенкі проста фантастычная, бо падобнага ніколі не было, каб прызавыя месцы займалі лыжнікі, пра якіх ніхто ніколі не чуў.


Разам з вамі радаваўся поспехам маладога беларуса Зміцер Траўчук.


На фота (АР) Леанід Карняенка — першы злева.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі