Беларусь завязе з-за мяжы 20 тысяч тон цукру
У Беларусь плануюць завезці з-за мяжы да 20 тысяч тон цукру. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Белдзяржхарчпрама.
Столькі цукру імпартуюць "для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку і прамысловай перапрацоўкі".
Адпаведны аб'ём імпарту вызначыла рабочая група, зыходзячы з тарыфнай ільготы, выдзеленай Еўразійскай эканамічнай камісіяй.
У снежні 2021-га Савет ЕЭК вызначыў тарыфныя квоты на ўвоз цукру да 31 жніўня 2022 года. Беларусі дазволілі бяспошлінна завезці да 100 тысяч тон цукру.
Дарэчы, у першым квартале імпарт цукру ў Беларусь склаў 383 тоны. Цяперашні запланаваны імпарт перавысіць яго ў 50 разоў.
Найбольшы попыт на цукар у Беларусі быў адзначаны ў сакавіку, калі адбыўся скачок валютнага курсу. Тады аб'ёмы продажу цукру выраслі ўтрая — з 1 кг да 3 кг у сярэднім на чалавека ў месяц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.