Беларуска: Вылецець з Японіі ў Маскву каштуе ўдвая даражэй, чым звычайна
Беларусы не хочуць вылятаць з Японіі ў Хабараўск, бо адтуль давядзецца дабірацца на радзіму самастойна. Таму большасць чакае самалёта ў Кіеў.
Таццяна Цагельнік 5 гадоў правучылася ў Японіі. Цяпер яна чакае, калі японскае Міністэрства адукацыі набудзе ёй зваротны квіток у Беларусь. Пакуль што дзяўчына вырашыла з'ехаць з Токіа і зараз знаходзіцца ў горадзе Кіота.
Цагельнік: "Я зараз знаходжуся ў горадзе Кіота, які 500 кіламетраў ад Токіа на захад. Невядома, што будзе з АЭС, таксама працягваюцца землятрусы, хоць і маленькія".
Дзяўчына кажа, што пра АЭС ведае толькі тое, што рэактары намагаюцца заліць вадой. А ў Кіота, дзе яна знаходзіцца, сітуацыя спакойная.
Цагельнік: "Тут вельмі спакойна. У Токіа таксама, я некалькі дзён таму была ў Токіа. Адзінае, што ў крамах было мала вады. А так людзі ходзяць спакойна. Толькі можна чуць, як людзі размаўляюць пра сітуацыю на АЭС. І ніхто нават не абараняецца ад радыяцыі".
Па словах Таццяны, беларусы ў Японіі зараз намагаюцца выехаць на радзіму, але цяжка купіць квіткі: багата людзей з'язджае з Японіі. Нагадаем, што беларускі МЗС некалькі дзён таму паведаміў, што нашыя суайчыннікі не хочуць вылятаць расійскімі самалётамі ў Хабараўск.
Цагельнік: "Я ведаю толькі інфармацыю, што ў суботу было, здаецца, два самалёты да Масквы з Токіа. Наконт хабараўскіх самалётаў дакладна не ведаю, але чула, што яны былі. Але я не ведаю, наколькі гэта ўсё бясплатна. Мая сяброўка з Расіі атрымала тэлефонны званок з расійскай амбасады. Ёй сказалі, што ёсць магчымасць вылецець да Масквы, але кошт квіткоў удвая большы, чым звычайна ў гэты сезон. Я чула, што да Хабараўска бясплатныя палёты, але я так разумею, што беларусы не хочуць да Хабараўску. Бо з Хабараўску да Мінску, ведаеце, гэта тое ж самае, што з Японіі дабірацца. Я толькі ведаю, што заўтра будзе рэйс да Кіева і там таксама беларусы могуць з'ехаць".
Дзяўчына кажа, што найбольшую ўвагу да суайчыннікаў беларускія дыпламаты праяўлялі, калі была найбольшая напружанасць у Японіі. Некалькі апошніх дзён амбасада ніякай інфармацыі не дасылае.