Беларуская біятланістка Дар’я Блашко атрымала ўкраінскі пашпарт
Беларуская біятланістка Дар’я Блашко, двухразовая залатая медалістка юніёрскага чэмпіянату свету-2015 у Раўбічах, атрымала ўкраінскае грамадзянства. Пра гэта паведамляе Федэрацыя біятлону Украіны на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Па словах кіраўнікі Федэрацыі біятлона Украіны Уладзіміра Брынзака, 21-гадовая Дар’я Блашко зможа паехаць на наступны перадсезонны збор з украінскай камандай. Магчыма, што яна зможа выступіць ужо сёлета, але гэта будзе залежаць ад адказу Беларускай федэрацыі біятлону. Уладзімір Брынзак ужо наведаў Беларусь, дзе абмеркаваў гэтае пытанне.
Указ прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі аб наданні ўкраінскага грамадзянства Дар’і Блашкн быў падпісаны ў канцы верасня. Тады ж Дар’я выйграла тры золаты на чэмпіянаце Украіны па летнім біятлоне ў Чарнігаве, піша TUT.by
У сезоне 2015/2016 спартсменка атрымала Вялікі глобус за перамогу ў агульным заліку юніёрскага Кубка IBU і Малы — за выйгрыш спрынтарскага заліку.