Беларускі запусцілі арт-стартап для барацьбы са стрэсам

Сустваральніца maramora.co Ганна Палей

Сустваральніца maramora.co Ганна Палей / Anastasiya Kodis

На мінулым тыдні ў Аўстрыі адбылася ўручэнне прэстыжнай прэміі CultTech Association x Ars Electronica Award, якая ўзнагароджвае праекты і ідэі, што спалучаюць тэхналогіі і культурныя практыкі. У шорт-ліст фіналістаў трапіў беларускі стартап maramora.co. Яго місія — змагацца са стрэсам і паляпшаць самаадчуванне з дапамогай арт-практык.

Сустваральніца і былая арт-менеджарка з Мазыра Ганна Палей расказала Еўрарадыё пра праект і тое, як ён можа дапамагаць людзям.

 

— Ганна, Maramora трапіў у шорт-ліст аўстрыйскай прэміі. Віншую вас! Давайце падрабязней раскажам пра ваш стартап. Патлумачце, як гэта будзе працаваць і наколькі апрабаваныя методыкі людзі будуць выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці.

— Дзякуй за віншаванне. Наша мэта — гэта не толькі пазбаўленне ад стрэсу, але і трансфармацыя эмоцый у нешта іншае, з крэатыўным падтэкстам. 

Наша мара і вялікая ідэя ў тым, каб дапамагаць знаходзіць у мастацтве падтрымку людзям, якія з мастацтвам зусім не звязаныя, а працуюць у самых розных сферах. Мы разумеем, што наша аўдыторыя зацікаўленая ў тым, каб выкарыстоўваць крэатыўныя практыкі ў сваім жыцці. 

Беларускі запусцілі арт-стартап для барацьбы са стрэсам
Ганна Палей / Social Weekend

Яны разумеюць, як гэта працуе, але, можа, калісьці былі звязаныя з мастацтвам, а цяпер працуюць у айці ці ў тэхнічнай распрацоўцы, І для іх частка крэатыўнасці ў заняпадзе, а мы даём простыя інструменты, якія дазволяць гэтую страчаную частку жыцця вярнуць сабе.

Усе нашы практыкі распрацаваныя прафесіяналамі — гэта людзі, якія працуюць з рознымі медыўмамі: пісьменнікі, танцоры, візуальныя мастакі, фатографы. Нам можна прапаноўваць аўтарскія распрацоўкі і практыкі, для арт-прафесіяналаў у нас ёсць праграма манетызацыі, якая дазваляе атрымліваць фінансавую ўзнагароду ад праслухоўвання і выканання пэўных практык нашымі карыстальнікамі

Таксама мы ўзаемадзейнічаем з псіхолагамі, якія дазвалялі нам зразумець, якім станам можа дапамагчы тая ці іншая практыка. І адаптуем іх пад кожную эмоцыю. 

— Як гэта працуе?

— Людзі пераходзяць у праграму, выбіраюць эмацыйны стан, з якім яны прыйшлі папрацаваць, — і сістэма проста выбірае некалькі практык, якія цяпер могуць дапамагчы чалавеку. 

Яны розныя, але вельмі лёгкія і суправаджаюцца тэкставай інструкцыяй, дзякуючы чаму можна прайсці практыкаванне, а потым заняцца рэфлексіяй, зафіксаваўшы атрыманы досвед. І дадаць свае думкі праз модуль “Рэфлекшнс”, яго можна выкарыстоўваць як асабістыя нататкі.

Гэта першая версія праграмы, якую мы б хацелі прапанаваць нашым карыстальнікам. Далей мы будзе даваць персаналізаваныя прапановы, заснаваныя на працы штучнага інтэлекту. 

Беларускі запусцілі арт-стартап для барацьбы са стрэсам
Cкрыншоты дадатку Maramora.co / Maramora Ltd.

Нашая задача — распрацаваць рашэнне з максімальна персаналізаваным падыходам да кожнага, але і дадаваць элемент камьюніці, таму мы прапануем праз гадавую падпіску далучацца да maramora. Там будуць не толькі ўсе абнаўленні, але і супольнасць людзей, якія будуць збірацца ў розных краінах і працаваць з рознымі тэхнікамі. 

У нашым пуле экспертаў ужо ёсць людзі, якія жывуць у Шатландыі, Нідэрландах, ЗША, Літве, Польшчы. І мы плануем арганізоўваць у межах кам’юніці такія сустрэчы, рабіць мастацкія практыкі для вялікай колькасці людзей. 

— Як узнікла ідэя стварыць такі праект, як над ім ішла праца і хто ўваходзіць у вашу каманду?

— Ідэя ўзнікла вельмі даўно, калі я яшчэ працавала ў Беларусі і распрацоўвала адукацыйныя магчымасці, якія падтрымліваюць людзей, уключаючы арт-падыходы.

Я зразумела, што гэта выдатна працуе для паляпшэння эмацыйнага стану. Ідэя стварэння такога дыджытал-прадукту ўзнікла на аснове майго досведу працы ў Беларусі, але там не было часу гэтым заняцца. Цяпер жа знайшліся і час, і натхненне.

Мы пачыналі як платформа з курсамі, якая ў тым ліку расказвала пра арт-практыкі і тое, як з імі працаваць людзям, якія ўвогуле не працуюць з мастацтвам прафесійна. 

Але мы хутка зразумелі, што мэты, якія мы ставілі перад сабой, зусім не дасягаюцца і не змогуць быць дасягнутыя праз курсы. Бо яны патрабуюць шмат увагі і сілаў ад нашых карыстальнікаў. 

Мы пачалі распрацоўку прататыпа, які будзе больш цікавым і зразумелым для карыстальнікаў. Запусцілі тэставую групу, каб праверыць гэты досвед на практыцы, а пасля рэалізавалі ўсё ў выглядзе мабільнай праграмы.

Цяпер праграму можна cпампаваць у Apple Store. Аплаціўшы гадавы ўдзел у супольнасці, вы атрымліваеце доступ не толькі да аплікацыі, але і да магчымасці ўдзельнічаць у гадавой праграме кам'юніці ў розных гарадах і краінах.

— Хто акрамя вас займаецца праектам?

— У нас вельмі маленькая каманда, бо не так шмат рэсурсаў. Цяпер у ёй я і яшчэ адна сузаснавальніца, Наталля Трэніна. Яна адказвае за досвед і кантэнт, а я — больш за фандрайзінг, бізнес-частку, аперацыйна-арганізацыйную працу, а таксама за піяр і працу з медыя. 

Таксама ў нас ёсць тэхнічны эдвайзер. Дапамагае нам з тэхнічнай часткай працы кампанія, з якой мы працуем як падрадчыкі. 

Беларускі запусцілі арт-стартап для барацьбы са стрэсам
Праграма Maramora / @hanna.palei

Мы шукаем CTO (chief technical officer) ці тэхнічнага дырэктара. Калі праз Еўрарадыё знойдзецца такі чалавек, які далучыцца да нас і будзе дзяліцца сваім досведам, мы будзем радыя. 

— Можа ўзнікнуць ўяўленне, што трывожнасць магчыма перамагчы арт-практыкамі. Але відавочна ёсць выпадкі, калі патрэбная праца псіхатэрапеўта і ўжыванне медыкаментаў. Людзям з якім узроўнем стрэсу і разладу ваш праект можа дапамагчы?

— Вядома, гэта толькі частка самападтрымкі. Гэта ні ў якім разе не замена працы са спецыялістам. І трэба разумець, што калі чалавек у дэпрэсіі, пакуль нічога лепшага за працу з псіхатэрапеўтам і прафесійную падтрымку сам-насам не прыдумалі.

Але я думаю, што ў 2025 годзе, калі, як абяцалі, штучны інтэлект набудзе здольнасць эмацыйнага ўспрымання, сітуацыя крыху зменіцца.

Як я казала раней, мы хацелі б дзякуючы праграме стварыць прастору самападтрымкі, якая дапаможа праз гэты арт-падыход і павышаць узровень жыцця, і знаходзіць нейкую падтрымку ў саміх сабе. Бо цяпер вельмі шмат людзей, напрыклад, беларуская суполка, аказалася ў эміграцыі. 

Нават я не магла сабе дазволіць псіхатэрапеўта з еўрапейскімі цэнамі. І я лічу, што чым больш будзе магчымасцяў атрымаць самападтрымку праз простыя інструменты і тэхналагічныя рашэнні, тым лепш будзе ўсім нам.

Таксама мы працуем не толькі са стрэсам у яго негатыўным значэнні, бо стрэс можа быць звязаны і з пазітыўнымі эмоцыямі. Часам людзям проста патрэбная арт-практыка, якая дазваляе атрымаць асалоду ад жыцця, знайсці новыя ідэі для сваіх праектаў. Іншымі словамі, арт-практыка — універсальны інструмент.

— Вы запусцілі праграму 11 лістапада. Якія планы ў вас на яе?

— Знайсці фінансаванне на далейшае развіццё. І мы зацікаўленыя ў інвестыцыях, шукаем чалавека, які далучыцца да нашай каманды як інвестыцыйны партнёр і якому цікава будзе ўкладацца ў праект з вялікай сацыяльнай місіяй — знаходзіць падтрымку ў мастацтве. 

Для гэтага мы абапіраемся на свой досвед, навуковы досвед (даследаванне пра ўплыў мастацтва на паляпшэнне дабрабыту) і досвед арт-прафесіяналаў. Мы бачым арт-практыку (праца з тэкстам, целам, голасам і думкамі) як новы фармат медытацый. Наша ідэя — зрабіць гэта дасяжным інструментам для мільёнаў людзей.

— Вы трапілі ў шорт-ліст. Наколькі важная гэтая падзея для вашага праекта?

— Гэта важная падзея, бо гэта адзіная прэмія, якая даецца стартапам і праектам з сацыяльным уплывам у сферы арт-тэхналогій у Еўропе. І мне, вядома, прыемна, што нас адзначыла еўрапейская супольнасць — нам даслалі ліст, што нас адзначылі як праект з унікальнай ідэяй. Для беларускага стартапа гэта вельмі істотная ўвага. 

Тым больш што інвестыцый у культурна-тэхнічны сектар няшмат, нягледзячы на існаванне буйных гульцоў, такіх як Spotify. Мы лічым, што для нас гэта выдатная магчымасць прыцягнуць увагу патэнцыйных інвестараў, партнёраў і нашай аўдыторыі — тых, хто разумее, што такое культтэх і арттэх, і бачыць патэнцыял гэтага кірунку.

— Што ўдзел дае вашаму праекту — прэстыж і розгалас, дадатковых інвестараў, давер з боку супольнасці кам’юніці інаватараў?

— Так, гэта дае нам нейкі розгалас, нейкую публічную прадстаўленасць, бо сапраўды не так шмат рэсурсаў і пляцовак існуе, каб прэзентаваць сваю ідэю ў гэтай сферы. 

А таксама гэта дае бачнасць сярод інвестыцыйнай суполкі ў больш шырокім еўрапейскім полі. Усё ж нашыя патэнцыйныя кліенты жывуць пераважна ў Еўропе, але ёсць частка аўдыторыі і з ЗША. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі