Беларускія памежнікі выявілі, што прадукты з Расіі вязуць з парушэннямі
Сярод тавараў, якія везлі ў Беларусь без дакументаў, апынуліся мука, алей, макароны, дзіцячае харчаванне.
Ад пачатку снежня памежнікі разам з іншымі органамі выявілі на расійскім напрамку 19 фактаў парушэння мытнага заканадаўства пры ўвозе тавараў у Беларусь.
Як паведамляе БЕЛТА, у 18 выпадках гэта былі грузавыя аўтамашыны, якія з парушэннем заканадаўства везлі ў Беларусь прадукты агульнай масай каля 257 т. У дзевяці перавозчыкаў не было неабходных суправаджальных дакументаў на 20 т алею, 32,5 т соусаў, 20 т мукі, больш за 8 т макаронных вырабаў, 3,5 т бульбяных чыпсаў, амаль 20 т сухога дзіцячага харчавання, 26 т грэцкага арэху. Акрамя таго, кіроўцы не мелі адзнакі пра ветэрынарны кантроль партыі з 10,5 т малочнай прадукцыі, а таксама 3 т плаўленага сыру.
Акрамя таго, на экспертызу адпраўленыя партыі рысу, макаронных вырабаў, кармавых дражджэй, безалкагольных напояў, расліннага тлушчу, якія ўвозяцца з Расіі. Сярэдняя маса кожнай з партый складала каля 20 т.
Цяпер з гэтымі фактамі разбіраецца мытня.