Беларускія ветэрынары здолелі пачысціць кроў дзікаму ваўку
Гадаванец сталічнага заапарку канадскі воўк па мянушцы Хан пакутваў на цяжкую форму дэрматыту, паведамляе тэлеканал СТВ. Ветэрынары сумесна са спецыялістамі з Інстытута фізіялогіі Акадэміі навук вырашылі ратаваць звера экстранымі захадамі. Яны ўпершыню ў свеце зрабілі плазмаферэз дзікай жывёліне. Гэтая працэдура прадугледжвае глыбокае ачышчэнне крыві на клеткавым узроўні. Каб арганізаваць унікальную аперацыю — увесці ваўку супакаяльнае — спатрэбілася дзве гадзіны і пяць супрацоўнікаў заапарку. Такі метад лекавання і аздараўлення пакуль выкарыстоўваўся толькі ў элітных ветэрынарных установах, а пацыентамі былі хатнія коткі і сабакі. Затое цяпер драпежнік па мянушцы Хан пачуваецца лепей. У яго загаіліся раны і пачала расці поўсць.