Беларускія вытворцы цэменту: Мы выконваем еўрапейскія нормы якасці

У Літве заяўляюць, што 90% паставак цэменту з Беларусі не адпавядаюць стандартам якасці. Паводле спецыялістаў завода Akmenes cementas — адзінага ў Літве вытворцы цэменту — пра гэта, нібыта, сведчаць лабараторныя выпрабаванні. Гэта пацвярджае і Дзяржаўная інспекцыя нехарчовых тавараў, паведамляе "БалтИнфо". Таццяна Хоміч, галоўны тэхнолаг ААТ “Краснасельсбудматэрыялы”, найбуйнейшага у Беларусі цэментнага завода, распавяла Еўрарадыё, што стандарты якасці ніхто на заводзе не змяняў. А ўсе пастаўкі ў Літву кантралююцца не толькі ў Беларусі, але і ў Літоўскай рэспубліцы.

Таццяна Хоміч: “Я не ведаю, пра што там гавораць літоўскія спецыялісты, аднак еўрапейская норма якасці існуе як для нас, так і для Літвы. То бок мы ў поўным памеры выконваем еўрапейскі стандарт якасці цэменту. Мы пастаянна супрацоўнічаем з літоўскімі органамі па сертыфікацыі. Ніякіх змен адносна стандартаў якасці не было”.

Дарэчы, у сувязі з эканамічным крызісам у Літве адзначаецца падзенне аб'ёмаў будаўніцтва і, адпаведна, скарачаюцца маштабы вытворчасці цэменту. Сёлета попыт на цэмент у гэтай краіне скараціўся амаль на палову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі