Беларусы пазычаюць адно аднаму да мільёна долараў
Агулам падатковая сабрала 25 мільярдаў падатку на пазыкі.
Падатковая інспекцыя налічыла падатак на пазыкі 664 беларусам на агульную суму 25 мільярдаў рублеў. У бюджэт паступіла ўжо 5 мільярдаў - такія лічбы агучыў у эфіры тэлеканала “Беларусь-1” начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
“Беларусы дэкларуюць розныя сумы пазыкаў – ёсць дзясяткі і сотні тысяч долараў, макімальная сума пазыкаў даходзіць да мільёна долараў”.
Нагадаем, што з гэтага года беларусы мусяць плаціць падатак на грошы, якія пазычылі ў знаёмых. Гэтыя грошы нібыта можна вярнуць. Для гэтага трэба вярнуць пазыкі і прадаставіць у падатковую дакумент, што грошы вернутыя. Пасля гэтага падатковая будзе праводзіць праверку і падатак могуць аддаць.