Беларусы распрацоўваюць сэкс-прылажэнні для Android
Прыладу “Pickup Master” за месяц запампавалі больш за 50 тысяч разоў, у асноўным — з Расіі і Казахстану.
Іншыя прадукты беларускай кампаніі “Mobile KISS” маюць яшчэ больш красамоўныя назвы: “CunniMaster”, “Love Fingers”, “Audio Pickup”. Увогуле ж хлопцы спецыялізуюцца на распрацоўцы і прасоўванні мабільных прылажэнняў.
Вось што распавядае Еўрарадыё кантэнт-дырэктар “Mobile KISS” Алесь Красько:
“Мы з сябрам перыядычна сядзім на адным пікап-форуме. І яго наведнікі вельмі часта задаюць пытанне: пра што размаўляць з дзяўчынамі? Мы вырашылі на гэтае пытанне адказаць і напісалі сваю першую прыладу — “Pickup Master”. Натуральна, такіх фраз, каб сказаць — і дзяўчына адразу твая, у прыладзе няма. Але мы дапамагаем людзям зрабіць размову падчас спаткання больш цікавай”.
З 29 снежня “Pickup Master” праз Google Play запампавалі больш за 50 тысяч разоў. Запампоўкі ідуць з усяго свету, але прылажэнне найбольш папулярнае ў Расіі і Казахстане. На думку Алеся Красько, гэта не кажа пра сэксуальную закамплексаванасць беларусаў: “Проста нас менш”.
Апошняя распрацоўка “Mobile KISS” выйшла тыдзень таму. Яна называецца “CunniMaster” і мае за мэту навучыць хлопцаў сакрэтам кунілінгуса. Пакуль што запамповак менш за 500. Што зробіш: не кожнае знаёмства працягваецца ў ложку. Нават калі дапамагаюць майстры пікапа.