Беларусы, у адрозненне ад расіян, маюць духоўны суверэнітэт — кіраўнік МЗС Літвы

Святлана Ціханоўская і Габрыэлюс Ландсбергіс / urm.lt
Святлана Ціханоўская і Габрыэлюс Ландсбергіс / urm.lt

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс будзе заклікаць парламентарыяў галасаваць супраць прэзідэнцкага вета на закон аб нацыянальных санкцыях супраць грамадзян Беларусі і Расіі, піша delfi.lt.

На яго думку, ураўноўваць санкцыі для беларусаў і расіян несправядліва. Ландсбергіс нагадвае, што беларуская грамадзянская супольнасць актыўна змагалася з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і таму валодае духоўным суверэнітэтам.

Міністр заявіў журналістам, што яшчэ пры ўвядзенні абмежаванняў на ўезд і дадатковых праверак на мяжы "Літва вельмі выразна заявіла, пры падтрымцы прэзідэнта, што адрозненні будуць".

Ландсбергіс запэўнівае, што ўсе літоўскія ведамствы сышліся ў меркаванні: беларускае грамадства трэба ацэньваць інакш, чым расійскае. "Таму я не ведаю, пра якую паслядоўнасць або непаслядоўнасць кажа прэзідэнт", — заяўляе кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Ён нагадвае, што ў 2020 годзе супраць рэжыму ў Мінску выйшлі сотні тысяч чалавек. "Такіх спробаў змагацца ў Расіі мы не бачым", — падкрэслівае лідар літоўскіх кансерватараў. Гэтым ён і абгрунтоўвае розні цу ў падыходах да беларусаў і расіян.

"Беларусы валодаюць тым, што мы называем духоўным суверэнітэтам. Гэта людзі, якія выказалі сваю пазіцыю і стаўленне да свабоды, дэмакратыі, да тых каштоўнасцяў, якія важныя для нас. Таму ўраўноўванне іх у законе я лічу несправядлівым. Мяне крыху засмучае, што не былі пачутыя аргументы, выказаныя як у Сейме, так і апазіцыяй Беларусі. Ну, а я буду заклікаць калегаў прагаласаваць супраць вета, калі яно прыйдзе", — кажа Ландсбергіс.

На пачатку красавіка Сейм Літвы прыняў закон аб санкцыях супраць грамадзян Беларусі і Расіі ў сувязі з агрэсіяй ва Украіне. У ім больш жорсткім робіцца парадак выдачы дазволаў на пастаяннае або часовае пражыванне, выдача віз, уводзіцца забарона на перамяшчэнне грамадзян Расіі праз знешнюю мяжу ЕС. Беларусаў вялікая частка санкцый не закранае.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў вета на гэты закон. Па яго словах, Беларусь такая ж краіна-агрэсар, як і Расія, таму санкцыі для грамадзян абедзвюх краін мусяць быць аднолькавымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі