“Белнафтахім” абвясціў пра 23-е падаражэнне бензіну за год
Дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім” абвясціў пра 23-е за гэты год падвышэнне коштаў на маторнае паліва. З 11 лістапада кошты на АЗС будуць наступныя: АІ-92-К5-Еўра — 1 рубель 41 капейка, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 50 капеек, АІ-98-К5-Еўра — 1 рубель 71 капейка, ДП — 1 рубель 50 капеек.
Кошты на аўтамабільнае паліва растуць на 1-2 капейкі амаль кожны тыдзень пачынаючы з канца жніўня. “Белнафтахім” шторазу тлумачыць гэта неабходнасцю кампенсаваць выдаткі НПЗ на вытворчасць нафтапрадуктаў і ростам коштаў на сырую нафту.
Віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, які раней узначальваў "Белнафтахім", днямі распавёў пра "справядлівы" кошт паліва ў беларускіх бензакалонках.
"Пры сённяшнім кошце барэля ў $72 справядлівая цана за літр АІ-92 — 77 цэнтаў", — заявіў чыноўнік. 77 цэнтаў — гэта прыкладна 1 рубель 63 капейкі. Калі кошт барэля нафты істотна не зменіцца, пры сённяшніх тэмпах паліва ў Беларусі будзе даражэць на адну капейку за тыдзень яшчэ амаль паўгода.