Без Билета прэзентавалі “Афрыку” і “Манекен” Тані Кушнер(поўная версія)

"Дзень безбілетніка-2009" распачаўся сольным выступам  Тані Кушнер — сааўтара многіх тэкстаў песень, а таксама музыкі гурта "Без Билета". Як адбылася прэзентацыя адразу двух альбомаў на адной сцэне, чаму ў "Без Билета" не "прыжываюцца" клавішнікі  і што плануюць музыканты рабіць далей, а таксама пра тое, як фанаты гурта віншавалі Віталіка Артыста з Днём нараджэння чытайце ў нашым фотарэпартажы.

Як расказала Еўрарадыё Таня Кушнер, для свайго першага выступу яна адмыслова падабрала толькі рускамоўныя песні, бо лічыць, што яны лепш успрымаюцца беларускімі слухачамі, чым англамоўныя.
Таня Кушнер: "Мне ўсё спадабалася і для старта гэта было здорава!"


У планах спявачкі — вялікі сольны выступ ва ўтульнай зале, дзе б яна змагла ўсіх прысутных пакласці .... на падлогу, а на столь праецыраваць прыгожае відэа!

"Сённяшні канцэрт — не прэм'ера маёй мары, — распавядае Таня Кушнер. — Самы "клас" — калі мае гледачы прыйдуць, я змагу іх усіх пакласці, і ўсе яны будуць глядзець на столь, куды б мы праецыравалі зоркі, планеты, ваду ці яшчэ што-небудзь цудоўнае, на што можна глядзець бясконца".

Менавіта ў такім стане, лічыць Таня, можна па-сапрўднаму ўспрыняць песні з яе медытатыўнай пласцінкі "Mannequin".

Таня Кушнер: "Лежачы, можна крышачку пагрузіцца ў транс, расслабіцца і зліцца з чымсьці прыродным".

"Вельмі цяжка знайсці ў Мінску адпаведную залу, — працягвае Таня. — А проста спяваць са сцэны клуба мяне не вельмі прываблівае. Мы хацелі б узмацніць этнічна-трансавы складнік, скіравацца ў трып-хоп".

Што тычыцца творчых планаў, Таня збіраецца працягваць сольную кар'еру, адзінае пытанне — на якой мове пісаць будучыя песні.

"Для мяне, насамрэч, гэта ўсё яшчэ цяжкае пытанне — пісаць на рускай мове, таму што тут людзі змогуць мяне пачуь і зразумець, ці рабіць гэта на англійскай мове — бо так натуральным чынам у мяне і атрымліваецца".



Каб паспрабаваць абысці гэтае пытанне, Таня Кушнер думае над тым, каб стварыць яшчэ адзін гурт:

"Калі шчыра, мне больш падабаецца тое, што могуць зразумець "тут і зараз", таму я не выключаю, што мы створым асобны гурт, назавем яго, напрыклад, "Манекен" і ўжо гэты гурт будзе падтрымліваць замежную еўрапейскую праграму".

Пакуль жа, Таня працуе над матэрыялам для новага альбома.

"Новыя песні ўжо пішуцца, што мяне вельмі радуе. Таму што быў нейкі перапынак, калі мы шмат канцэнтраваліся на "Без Білета", і мне ўжо здавалася, што я нічога не напішу. Зараз я вельмі рада пісаць новыя творы: раблю гэта без уціску і не спяшаючыся, калі народзіцца новы альбом — тады і народзіцца. Хачу, каб мой новы альбом быў яшчэ больш цэласным і каб ад яго можна было па-сапраўднаму прабалдзець".

Прэзентацыя альбома "Африка" пачалася адразу пасля выступу Тані Кушнер. Падчас канцэрту, кожная песня суправаджалася адмысловай відэа-інсталяцыяй, якую спецыяльна для гурта падрыхтаваў сябар гурта Саша Дутлаў.


"Мы сустракаліся і абмяркоўвалі некаторыя ідэі, — распавядае Таня Кушнер. — Але шмат чаго Саша прыдумаў сам. Напрыклад, мне вельмі падабаецца, як на песню "По ветру" кладзецца дакументальны фільм пра канатаходца "Человек на проводе".

Саша Дутлаў

"У Мінску, на маю думку, не прынятыя відэа-інсталяцыі, іх мала хто робіць, — працягвае думку Тані Віталь Артыст. — А гэта вельмі ўпрыгожвае канцэрт, таму я настойваў, каб мы рабілі канцэрт з відэа абодва дні"..


Музыкі шмат жартавалі і было відавочна, што новай пласцінкай яны задаволеныя. Паміж песнямі Віталь размаўляў з залай, прыдумваў "творчыя эксперыменты" з гледачамі, прымаў падарункі і кветкі  з нагоды свайго Дня нараджэння ад фанатаў і тлумачыў гісторыю стварэння некаторых песень. Так, напрыклад, песню "Жёлтые светофоры" Віталь вырашыў стылізаваць пад творчасць Юрыя Антонава першы у сваім жыцці канцэрт, на які ён трапіў разам з бацькамі. За ёю следам прагучала сонечнае рэггі "1:1", любімая лірычная песня Артыста з новага альбома "Сияние" (Віталь лічыць, што ў гэтай песні —  яго лепшае гітарнае сола).

На гэтым сюрпрызы ад гурта не скончыліся і Віталь Артыст прадставіў публіцы новага клавішніка гурта Юрыя Рубаніка. Еўрарадыё вырашыла дазнацца, з чым звязаны факт, што менавіта клавішнікі не затрымліваюцца ў складзе гурта надоўга.

Віталь Артыст: "Больш за ўсіх — цэлы год  — у нас праіграў Паша. Пасля паўгода "працягнуў" Вова. І вось зараз, ужо амаль 2 месяцы з намі грае Юра. Час пакажа, але пакуль нам здаецца, што Юра вельмі перспектыўны клавішнік. Магчыма, менавіта ён застанецца з намі надоўга. Ва ўсякім выпадку, я стаю на варце!"


Аказваецца, клавішнікі не вельмі даспадобы басісту гурта Аляксандру Мышкевічу. Менавіта ён і хацеў бы бачыць "Без Білета" гуртом без клавішаў. Еўрарадыё накіравалася да Аляксандра, каб запытацца, адкуль такія непаразуменні:

Аляксандр Мышкевіч: "Я клавішнікаў недалюбліваю, таму што з імі заўжды былі вялікія праблемы. Ці то яны ўвогуле не разумеюць, куды трапілі і што з гэтым рабіць, ці "дзяўбуць" мозг іншымі замарочкамі. Я люблю музыку іншага накірунку. Але вось наш новы клавішнік Юрка выдатна адыграў гэтыя 2 канцэрты. Я думаю, у яго за гэты час можна было нават закахацца як у музыку. Ён зрабіў усё магчымае, каб падчас гэтых канцэртаў усё выдатна гучала. Я яго меньш не люблю, чым не любіў мінулых клавішнікаў" (смяецца)



Што тычыцца новага дыска, альбом нельга параўноўваць з былой творчасцю "Без Билета", лічыць Аляксандр:

Аляксандр Мышкевіч: "Можа быць, гэты альбом сапраўды больш дарослы і сур'ёзны. Ён іншы. Як і гурт "Без Билета", які нельга зараз параўноўваць з "Без Билета" 5-ці-10-ці гадоў таму. Як слухачу, мне больш падабаецца той, былы гурт, але не як цяперашняму музыку гурта. Мо таму, што ранніх "Без Билета" я ўспрымаю толькі як слухач".



Той жа думкі прытрымліваецца і гітарыст гурта Іван Барзенка:

Іван Барзенка: "Мы вельмі скурпулёзна рыхтаваліся да прэзентацыі. І мне спадабалася, як усё прайшло. Але, канешне, новы альбом вельмі няпросты. Мы выраслі з адной музыкі ў іншую. Я нават лічу, што "Африка" будзе адным з лепшых нашых альбомаў".

Думкамі і адчуваннямі пра свой першы досьвед выступу ў складзе "Без Билета" з Еўрарадыё падзяліўся і новы клавішнік гурта Юра Рубанік. Ён распавёў, што граць у гурце яго запрасіў бубнач Дзяніс Шураў, з якім яны разам вучыліся ва Універсітэце культуры, а таксама гралі ў складах розных гуртоў у мінулым.

"Вельмі прыемна і здорава граць разам з хлопцамі, кажа Юра. Канешне ж, да гэтага ў мяне быў пэўны досвед вытсупаў з іншымі гуртамі, але ў калектывах такога ўзроўню я яшчэ не граў. Мяне вельмі ўразіў Віталік Артыст, гэта настолькі асаблівы чалавек, і гэтым ён вельмі прываблівае да сябе іншых людзей. На маю думку, у гурце вельмі творчая атмасфера, якая дазваляе самарэалізавацца кожнаму".







Час ад часу з залі хто-небудзь выкрыкваў назвы улюбёных хітоў "Без Билета", а Віталь Артыст непахісна нагадваў, што, ўсё ж такі, праграму выступу падзялілі на 2 дні не проста так:

"Настальгічную праграму прыходзьце паслухаць заўтра. Гэтыя песні ўсе ведаюць.Вы пакуль смакуйце новыя!"

"Музыка "Без Билета" —  гэта як глыток свежага паветра, кажа адзін з фанатаў гурта, які ўпершыню пачуў "Без Билета" ў Маскве, і, апынуўышся ў Мінску, завітаў на канцэрт. — Я б нават дадаў, што "Без Билета" гэта лёгкі рэлакс у мегаполісе, які ты "уключаеш у вушы" і плаваеш паміж людзьмі..

"А мне ў творчасці гурта падабаецца іх светлы сум, які саграе душу, летуценна дадае дзяўчына побач. Выступ Тані Кушнер нам таксама вельмі спадабаўся, адчуваецца моцная сувязь паміж ёй і гуртом "Без Билета", але на маю думку, гэта больш пяшчотная і жаноцкая музыка".

Сярод гасцей на канцэрце можна было ўбачыць шмат музыкаў. Так, паслухаць новы альбом "Без Билета" завіталі: Яўген Калмыкоў з дачкой Дашай, клавішнік гурта "J:морс" Дзяніс Варанцоў, а Міхась Зуй (гурт "Дзецідзяцей") нават спяваў усе песні і вадзіў карагоды разам з фанатамі "Без Билета".




Паехаць з турам у падтрымку альбома па Беларусі гурт "Без Билета" пакуль не збіраецца. На думку Віталіка Артыста, гэтаму не спрыяе эканамічная сітуацыя ў краіне. Да таго ж, далёка не ў кожным горадзе ў стане заплаціць ганарар і забяспечыць тэхнічным райдэрам.

Віталь Артыст: "Мы разгледзім усе варыянты, якія да нас паступяць. Але тэхнічны райдэр, неабходны для правядзення канцэрта, —  гэта вельмі важная дэталь. Часам, мы сустракаем сітуацыі, калі людзі думаюць: "Калі хлопцы прыязджаюць граць на электрагітарах, значыцца яны падключаць іх у разеткі ,замест прасаў, і ўсё нармальна будзе". Мы, ў першую чаргу, непакоімся якасцю нашых канцэртаў. І калі ў нас стаіць пытанне: зарабіць больш грошай і сэканоміць на гуку, не ставіць экраны і яшчэ ў чым-небудзь сябе "ўрэзаць", —  такога не будзе. Мы лепш менш заробім, але якасней прагучым".








Пра тое, як музыканты адсвяткавалі юбілей гурта і як прайшла "Настальгічная праграма" неўзабаве чытайце ў нашым другім фотарэпартажы.














Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі