Бізнэсоўца збілі ў засадзе, падстрэлілі і забралі 167 млн рублёў (відэа)
Крымінальнае здарэнне адбылося ў Чавускім раёне Магілёўшчыны.
Як паведамляе СТВ, пацярпелы быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, займаўся гадаваннем жывёлы і продажам у Расійскую Федэрацыю. Бізнэс быў паспяховым, прыносіў немалыя грошы. Пра гэта, відавочна, ведалі і зламыснікі.
У ноч з 28 на 29 жніўня прадпрымальнік павёз чарговую партыю мяса для продажу ў Смаленску. Але ад'ехаць ад дома далёка не паспеў — на трэцім кіламетры мужчына трапіў у засаду. Дарога была перагароджаная "гірляндай" — вяроўкай, на якой віселі пластмасавыя бутэлькі, абгорнутыя фальгой. Гэты матэрыял добра адбівае святло фар аўтамабіля, асляпляючы кіроўцу. Бізнэсовец спыніўся, каб зняць гірлянду. Тады на яго напалі: збілі бітай, зламалі сківіцу, прастрэлілі з траўматычнай зброі абедзве нагі.
Потым мужчыну звязалі і ў яго ж машыне адвезлі да яго дадому, каб абрабаваць. Там зламыснікі забралі 167 млн рублёў. Звязанага мужчыну ў доме знайшлі сваякі.
Праваахоўнікі кінуліся на пошукі па "гарачых слядах". Яны знайшлі маскі, траўматычны і пнеўматычны пісталеты, скотч, абутак, якія выкарыстоўваліся падчас злачынства. Праз 4 сутак зламыснікаў затрымалі. Знайшлі і вярнулі ўладальніку скрадзеныя грошы — амаль усю суму.
Удзельнікі злачыннай групы знаходзяцца ў следчым ізалятары. На іх пачалі тры крымінальныя справы — за "разбой, здзейснены з прымяненнем гвалту", "выкраданне транспартнага сродку" і "выкраданне чалавека". Калі віна падазраваных будзе даказаная, ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.
Зламыснікі — маладыя людзі ва ўзросце ад 23 да 30 гадоў. Адзін з іх ужо мае судзімасць за крадзеж, астатнія ні разу не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
Фота — ctv.by
https://www.youtube.com/watch?v=FYS2YLr8kic#t=321