Бліз вайсковага аэрадрома пад Краматорскам пачалася страляніна (відэа)
Над самім аэрадромам у паветры лётае штурмавік.
Па расказах відавочцаў, гэта МІГ-25 або СУ-27, які лятаў вельмі нізка. Пакружыўшы каля паўгадзіны, самалёт паляцеў у данецкім напрамку. Пасля гэтага да аэрадрома пад'ехалі некалькі машын хуткай дапамогі і МНС. Адтуль чуваць выбухі і стрэлы, перадае УНІАН.
Ёсць таксама звесткі, што ўкраінскі самалёт хацеў здзейсніць пасадку на аэрадроме, але яго абстралялі.
З вайсковай часці, якая знаходзіцца побач з аэрадромам, паведамляюць, быццам пачаўся штурм адміністрацыйнага будынка аэрадрома. Над месцам здарэння кружаць самалёты, але чые яны — невядома.
Як паведамілі жыхары Краматорска, невядомы самалёт абстраляў наземныя пазіцыі, пасля чаго паляцеў з месца падзей. Пазней да аэрадрома прыбыў БТР.
Нагадаем, што ўкраінскія ўлады абвясцілі пра пачатак антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе дзяржавы.