БНФ выяўляе прамаскоўскага кандыдата

Усім прэтэндэнтам у прэзідэнты прапанавалі падпісаць "Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў". Партыя БНФ прэзентавала “Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў”. Яго прапануецца падпісаць усім апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты, акрамя Гайдукевіча.

“На сённяшні момант – час вызначацца кожнаму кандыдату ў прэзідэнты. Ці мы гатовыя гуляць у расійскі сцэнар, ці мы гатовыя здымаць Лукашэнку рукамі Масквы для Масквы, ці мы будуем свой беларускі сцэнар для беларусаў”, – адзначыў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

У выпадку прыходу да ўлады падпісанты маніфесту абяцаюць выйсці з АДКБ і Мытнага саюза, забяспечыць прыярытэтную абарону і развіццё беларускай мовы ды іншае. У дакуменце таксама адзначаецца, што небяспека палітычнай і эканамічнай незалежнасці Беларусі пагражае не толькі з боку сённяшняга рэжыму, але і з боку вышэйшых палітычных колаў Расіі ды звязаных з імі алігархаў.

На думку Янукевіча, падчас выбараў могуць утварыцца два апазіцыйныя цэнтры. Адзін будзе адстойваць інтарэсы Расіі, другі – Беларусі. Таму кіраўнік Партыі БНФ заклікаў аб’яднацца ўсіх, гатовых адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Пры гэтым Янукевіч адзначыў, што у прэтэндэнта ад БНФ Рыгора Кастусёва лепшы патэнцыял, чым у Мілінкевіча, каб аб’яднаць вакол сябе “прабеларускія” сілы. Да яго ініцыятыўнай групы ўжо далучылася тысяча прыхільнікаў, а асноўныя саюзнікі Кастусёва – арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі незалежніцкі блок.

“Мы працуем разам. Будзем працаваць разам. Выбары таксама будзем рабіць разам, – адзначыў Кастусёў. – Вопыт мінулых гадоў выклікае ў нас хваляванне, каб зноў рашэнне па адзіным не было навязана “звонку”. Агульная праца на выбарчую кампанію, аб’яднанне павінны адбыцца ўнутры Беларусі. І тымі сіламі, якіх хвалюе незалежнасць і суверэнітэт краіны”.

Чакаецца, што “Маніфест” будзе адасланы заказным лістом кожнаму з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Верагодна, такім чынам і высветліцца, хто выступае за незалежнасць, а хто падтрымлівае Расію.


Фота: ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі