Больш за 150 удзельнікаў пакажуць свае эксперыменты ў фэсце “Fun House”

Самыя цікавыя працы мастакоў апынуцца ў галерэях Еўропы, а найлепшыя тэатральныя калектывы паедуць у Галівуд Фестываль эксперыментальных арт-праектаў “Fun House” адчыніць дзверы 30 красавіка і пачне выкананне сваёй няпростай місіі – выхавання новага пакалення цікавых беларусаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла рэжысёр фэсту Таццяна Сінькевіч:

Таццяна Сінькевіч: “Нам трэба выхоўваць новае пакаленне творчых людзей. Пакаленне зорак ужо не цікавае. Гэта ўжо не той прадукт, які публіка хоча бачыць і набываць. Таму хацелася б выгадаваць новае пакаленне. Я лічу, што такі фэст дае магчымасць моладзі не толькі паказаць сябе і сваю творчасць, а таксама вырасці над сабою”.

У фэсце возьмуць удзел больш за 150 дызайнераў, мастакоў, фатографаў, тэатральных, танцавальных і музычных гуртоў. З іх творчасцю можна пазнаёміцца ў новым Brodway The Club і Палацы мастацтваў. Па словах Таццяны, адкрыццё мерапрыемства будзе ўяўляць сабою цікавую экскурсію па ўсіх фестывальных днях:

Таццяна Сінькевіч: “У адкрыцці бярэ ўдзел вядомы ўсім вогненны цырк “Крэсіва”, эксперыментальны тэатр “Без шуму і пылу”, цікавую праграму прадстаўляе група “Зімовая вайна ў Тыбеце”, якая разглядае музыку як сродак узнаўлення псіхічнага стану чалавека, некалькі танцавальных школ пакажуць свае нумары”.

Таксама Таццяна раіць звярнуць увагу на дызайн-распрацоўкі і калекцыю вобразаў ад Вольгі Крывец – незвычайную экспазіцыю карцін круглай і авальнай формы, якія будуць умантаваныя ў столь Brodway The Club, будуць рухацца і круціцца ад рухаў людзей і павеваў ветру.

З працамі ўдзельнікаў мінулагодняга фестывалю “Fun House” можна было пазнаёміцца ў еўрапейскіх галерэях. Паводле Таццяны Сінькевіч, сёлетніх экперыментатараў чакае падобны лёс:

Таццяна Сінькевіч: “У мінулым годзе мы запрашалі да ўдзелу ў фэсце галерэю “Рыхтэр”, якая знаходзіцца ў Галандыі. Яны адбіралі працы найлепшых мастакоў, якія былі выстаўленыя ў іх. Я думаю, што і найдалей мы будзем супрацоўнічаць з еўрапейскімі галерэямі, дзе змогуць выстаўляцца лепшыя ўдзельнікі нашых фэстаў”.

Цікава, што сярод гасцей сёлетняга фэсту будзе і прадстаўнік сусветнага чэмпіянату па выканаўчых мастацтвах у Галівудзе. Найцікавейшыя прадстаўнікі фестывалю “Fun House”, атрымаўшы рэкамендацыі, змогуць паехаць у наступным годзе на конкурс выканаўчых мастацтваў у Галівуд.

Трапіць на адкрыццё фэсту ў Brodway The Club 30 сакавіка можна бясплатна. Пазнаёміцца з творамі маладых аўтараў у Палацы мастацтваў (31,1,2) можна будзе за 4 тысячы, а каб пабываць на закрыцці імпрэзы, зноў жа ў Brodway The Club, 3 красавіка давядзецца аддаць 5 тысяч рублёў.
 
Нагадаем, фэст адбываецца ў межах праекта развіцця пры падтрымцы праграм малых грантаў амбасады ЗША.

Праграма фестывалю “Fun House” 2010:

1. 30 сакавіка (аўторак) – Адкрыццё фестывалю 18:30 - 22:00 (клуб BROADWAY, вул. Машерава, 17)
2. 31 сакавіка (серада) – Адкрыццё выставы Фота, Жывапіс і Дызайн 14:00 - 20:00. (Палац мастацтваў, вул. Казлова, 3)
3. 1 красавіка (чацвер) – выстава Фота, Жывапіс, Дызайн 12:00 - 20:00 (Палац мастацтваў, вул. Казлова, 3)
4. 2 красавіка (пятніца) – Канцэрт “Жывы гук online”. Выступ музычных гуртоў. (Палац мастацтваў, вул. Казлова, 3)
5. 3 красавіка (субота) - Закрыццё фестывалю 18 00 – 22 00 (клуб BROADWAY, вул. Машэрава, 17)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі