Брэўс: Катаванняў не было, але пужалі пераводам у СІЗА КДБ
Расіяне Брэўс і Гапонаў ды беларус Мядзведзь атрымалі "мяккія" прысуды. Але не выключаюць, што будуць іх абскарджваць.
Суд Маскоўскага раёна Мінску прызнаў расіян Арцёма Брэўса і Івана Гапонава вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня. Але яны атрымалі штраф па 300 базавых (каля 10,5 мільёнаў рублёў) і былі вызваленыя ў зале суда. Па словах Арцёма Брэўса, катаванні да іх не прымянялі, але быў ціск падчас допытаў.
"Адзінае, калі праходзілі супрацоўнікі аператыўнага аддзела, аказваўся ціск. Пагрозы аб прымяненні фізічнай сілы, аб магчымым пераводзе ў СІЗА КДБ (палітвязняў трымалі ў СІЗА МУС на вул.Валадарскага. — Еўрарадыё.), а непасрэдна нічога не было".
Расіяне, магчыма, будуць абскарджваць прысуд, пасля таго як параяцца з адвакатам.
"Мы на свабодзе, таму прысудам задаволеныя", — распавёў Брэўс пасля вызвалення.
На яго думку, мяккі прысуд звязаны з недастатковай доказнай базай.
"Насамрэч была недастатковая доказная база. Таму даваць тэрмін — гэта быў бы занадта жорсткі прысуд. На відэа нічога не было такога. Толькі тое, што мы у натоўпе ўдзельнікаў. Але ніякіх дзеянняў не рабілі, не наносілі ўдараў. Хутчэй за ўсё відэа нас больш апраўдала", — лічыць Брэўс.
Іван Гапонаў не абверг магчымай сувязі свайго затрымання з расійскім грамадзянствам. Але гаварыць пра гэта не захацеў.
"І так, і не. Я думаю, і так усім зразумела, дакладней усе маюць на ўвазе гэта. Навошта пра гэта казаць?.. Умовы ў СІЗА былі нармальныя. Я потым апішу гэта ў сваёй кнізе. А зараз паеду есці".
Дарадца расійскай амбасады Вадзім Гусеў, прысутны на судзе, кажа, што ў амабасадзе пазітыўна ўспрынялі прысуд. Але ён падкрэсліў, што віны сваёй Брэўс і Гапонаў не прызналі.
"Хачу сказаць, што ў цэлым пасольства пазітыўна ўспрыняло вердыкт беларускага суда аб вызваленні расійскіх грамадзян з-пад арышту ў зале суда. У той жа час хачу падкрэсліць, што ні Брэўс, ні Гапонаў вінаватымі сябе не прызналі. А расійскі бок з самага пачатку займаў ясную і цвёрдую пазіцыю пра неадкладнае вызваленне затрыманых".
У адносінах да 51-гадовага беларуса Дзмітрыя Мядзведзя прысуд быў больш жорсткім, хаця доказная база амаль не адрознівалася. На судзе ён сваю віну не прызнаў, 15 пацярпелых міліцыянтаў таксама паведамілі, што не пазнаюць яго і не маюць да яго прэтэнзій. Тым не менш пракурор папрасіў 4 гады турмы. У выніку Мядзведзя асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў спецустановы і вызвалілі ў зале суда.
"Я так стаміўся, па шчырасці… Проста мае любыя тут, і я вельмі рады, — пракаментаваў Еўрарадыё сваё вызваленне Дзмітрый Мядзведзь. — Прысуд такі як ёсць".
Па словах Мядзведзя, катаванні да яго не ўжываліся.
"Я такога не чуў. У мяне было ўсё добра. Дай божа, усё будзе добра".
Брэўс і Гапонаў кажуць, што пакуль з'язджаць не збіраюцца. Яны, дарэчы, будуць знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, пакуль не выплацяць штраф.
"У нас была позва на 14 мільёнаў. Мы вельмі ўдзячныя праваабарончым арганізацыям, што яны яе аплацілі. А зараз будзем вырашаць, што далей", — кажа Арцём Брэўс.
Фота: photo.bymedia.net