Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету па боксе сышла з беларускай зборнай

Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету па боксе сышла з беларускай зборнай

Беларускую зборную пакінула бронзавая прызёрка чэмпіянату свету па боксе сярод жанчын у катэгорыі звыш 81 кг Кацярына Кавалёва. Да гэтага яе падштурхнула няўвага з боку кіраўніцтва, заяўляе дзяўчына. 

"У кастрычніку 2019 года я ездзіла на чэмпіянат свету па боксе. Перад тым, як пачаць да яго падрыхтоўку, задала пытанне: ці будуць мне вылучаныя грашовыя сродкі або прэмія, калі пакажу вынік? Груба кажучы, калі прывязу медаль. Бо не хацелася другі раз ўставаць на тыя ж граблі — як у 2015-м, калі мне краіна таксама нічым не аддзячыла за золата ЧС і нават не вярнула грошы за паездку. Мне адказалі так: маўляў, вядома, сваіх спартсменаў цэнім і заахвочваем. Вядома, гэта стала дадатковай матывацыяй", — цытуе "Прессбол" словы Кавалёвай.

Але пасля атрымання медаля, кажа баксёрка, яе два-тры месяцы проста адфутбольвалі ад аднаго чыноўніка да другога. "Было адчуванне, што я як на цвінтары бегаю да ўсіх і жабрую. У той жа час бачыла, як належным чынам былі сустрэтыя і ацэненыя мае канкурэнткі па ЧС: кветкі, заахвочвальныя граматы, прэміі... Усіх адправілі на аднаўленчы адпачынак да мора. Мне ж не сказалі нават "дзякуй". Нават ніхто не знайшоў час раздрукаваць лісцік фармату А4: маўляў, мы радыя, што ты такая наогул існуеш і дзякуем табе за дасягненні"

Калі ж спартсменка дайшла да старшыні Беларускай федэрацыі бокса, то ад яго нібыта пачула наступнае: "Якая табе прэмія? Яна табе не належыцца увогуле! Табе не хапіла адной спартсменкі сярод удзельніц у катэгорыі для прэміі". Між тым Кавалёва атрымала званне "майстар спорту міжнароднага класа". 

Ёй прапанавалі ісці далей трэніравацца да наступнага чэмпіянату свету, які пройдзе праз два гады. 

"Я міжволі задумалася: і які ў гэтым сэнс? Каб выжываць? Я камусьці на заробак напрацавала, а мне зусім нічога? З такой матывацыяй і такім стаўленнем далёка не з'едзеш. Гэта галоўная прычына, па якой разарвала усялякія стасункі са зборнай у роднай краіне", — тлумачыць дзяўчына.

Сярод прычынаў, якія паўплывлі на яе рашэнне Кавалёва назвала і стаўленне да спартоўцаў. Дзяўчына кажа, што на апошнім зборы ў яе быў моцны кашаль, а ёй казалі, быццам яна прыкідаецца. "А захворванне ледзь не перарасло ў хранічнае. Толькі праз два тыдні даведалася, што гэта быў востры трахеід, які можа пераходзіць у хранічную форму", — дадае баксёрка. Лячыцца ёй давялося за свой кошт. 

Пасля ўсяго гэтага яна не бачыць сэнсу далей займацца спортам на радзіме, кажа прызёрка чэмпіянату свету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі