Легенда Майк Тайсан прайграў паядынак блогеру Джэйку Полу
Паядынак паміж Майкам айсанам і Джэйкам Полам
Блогер Джэйк Пол атрымаў перамогу над абсалютным чэмпіёнам свету па боксе Майкам Тайсанам у паядынку на Netflix. Бой у фармаце 8 раундаў па 2 хвіліны прайшоў у ноч на суботу ў амерыканским Арлінгтане.
Свой папярэдні прафесійны паядынак Тайсан правёў у 2005 годзе. З таго часу ён некалькі разоў выходзіў на рынг, але ў межах паказальных паядынкаў.
Джэйк Пол пачаў прафесійную кар'еру ў 2020 годзе. Перамога над Тайсанам стала для яго 11-й на прафесійным рынгу.
Тайсану 58 гадоў, Полу — 27. 31-гадовая розніца ва ўзросце паміж сапернікамі — рэкордная ў гісторыі прафесійнага бокса.
За перамогу ў паядынку Джэйк Пол зарабіў 40 мільёнаў долараў. Тайсан — 20 мільёнаў.
Першапачаткова Пол, як блогер, раскруціўся ў сацыяльнай сетцы Vine. На момант яе закрыцця на яго былі падпісаны 5 мільёнаў чалавек. YouTube Пола мае больш за 20 мільёнаў падпісчыкаў. У 2016 годзе блогер пачаў акцёрскую кар'еру — зняўся ў некалькіх праектах, уключаючы Bizaardvark — тэлесерыял Disney. Праз свае эпатажныя выхадкі ён мае мянушку "Праблемнае дзіця", яна замацавалася за ім і ў свеце бокса.
Сустрэча Тайсана і Пола стала самай чаканай падзеяй у свеце. У спартовым свеце ідэя паядынка была раскрытыкаваная і названая "небяспечнай, безадказнай і непаважлівай да бокса".
"Рэальнасць такая, што 20 гадоў таму, калі Майк Тайсан сышоў са спорту, ён быў цалкам знішчаны, — лічыць прамоўтар Эдзі Хірн. — Дастаткова з ім паразмаўляць, каб зразумець, што гэты хлопец больш не павінен выходзіць на рынг".
У інтэрв'ю Reuters Тайсан заявіў, што пагадзіўся на паядынак з Полам не дзеля грошай, а проста каб выпрабаваць сябе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.