БРСМ правёў свой Дзень вышыванкі — пад дажджом і з бонсцікамі
БРСМ правёў у Мінску свой афіцыйны Дзень вышыванкі. У нядзелю 2 ліпеня, калі на вуліцы ішоў праліўны дождж, а на тэрмометры было +16, прадстаўнікі гэтай моладзевай арганізацыі выйшлі ў цэнтр сталіцы ў тонкай вопратцы, стылізаванай пад нацыянальныя строі.
У калоне былі прадстаўнікі Мінска і іншых рэгіёнаў краіны. Шэсце рухалася праз лужыны і суправаджалася выступамі харэаграфічных, спартовых і фальклорных калектываў. Замыкалі калону бонсцікі — некалькі вялікіх раставых лялек.
Апроч шэсця была арганізаваная канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел беларускія выканаўцы, у тым ліку ўдзельнікі Еўрабачання Navi Band. Прадаваліся прадметы і сувеніры з нацыянальнай сімволікай.
Дзень вышыванкі БРСМ ладзіць другі год — летась яны таксама праводзілі такое афіцыйнае свята.