Брытанец пакаштаваў усё піва ў Беларусі, а потым жорстка перахварэў на COVID-19
З мінскай Серабранкі Бенджамін Рыч трапіў наўпрост у сербскую лякарню / калаж Еўрарадыё
Брытанскі трэвэл-блогер Бенджамін Рыч жорстка перахварэў на каранавірусную інфекцыю пасля таго, як месяц прабыў у Беларусі. Вельмі імаверна, што ён падхапіў COVID-19, здымаючы ў нашай краіне ролік для свайго канала "bald and bankrupt" на Youtube.
Рыч падарожнічае па незнаёмых большасці яго суайчыннікаў краінах і паказвае іх з нечаканага боку. У Беларусі ён вырашыў паспрабаваць усе гатункі піва. Ён пабываў у Брэсце, Гродне, Віцебску, Мінску і іншых гарадах. Гэтае відэа стала адным з апошніх перад доўгім перапынкам.
"Вы, напэўна, заўважылі, што я на месяц знік. Гэта было пекла, а не месяц", — пачынае ён ролік, зняты 9 ліпеня.
Аказваецца, з Беларусі блогер паляцеў у Сербію. Там ён адчуў сімптомы каранавіруса, але да доктара звярнуўся толькі праз 10 дзён — цяпер ён гэта называе самай галоўнай памылкай: "Я падумаў, што яшчэ малады і не магу памерці ад каранавіруса. Таму проста сядзеў у кватэры. Мне рабілася ўсё горш і горш, урэшце я ўжо не мог дыхаць. І тады сябры пасадзілі мяне ў таксі і адправілі ў бальніцу".
Да моманту шпіталізацыі ўзровень кіслароду ў яго крыві быў у раёне 70. Брытанец правёў у сербскай бальніцы месяц. На яго вачах ад каранавіруса памерлі двое пацыентаў.
А гэта тое самае відэа, якое ён зняў у Беларусі:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.