Буцька: Перамовы, відаць, ідуць, але мы пра іх не ведаем

МЗС Балгарыі ў панядзелак абверг інфармацыю польскай газеты Rzeczpospolita пра тое, што міністр замежных спраў Мікалай Младзенаў на сустрэчы з кіраўніком Беларусі прапаноўваў 2 млрд еўра за вызваленне палітзняволеных. Аднак ці магло такое пытанне ўвогуле падымацца падчас кантактаў паміж ЕС і ўладамі Беларусі? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з былым першым сакратаром амбасады Польшчы ў Мінску, намеснікам старшыні "Фонда свабода i дэмакратыя" Марэкам Буцькам.

Еўрарадыё: Ці сапраўды ЕС гатовы заплаціць за вызваленне палітвязняў?
110912 Bucka s.mp3
Буцька: Улічваючы ранейшую палітыку ЕС і тое, што зараз ніякія дзеянні ЕС не ў стане прымусіць Аляксандра Лукашэнку вызваліць палітзняволеных, я думаю, нехта ў Еўрасаюзе мог прыйсці да высновы, што ўсё ж адзіны варыянт — гэта заплаціць... Нягледзячы на этычны і маральны аспекты, на тое, што былі абяцанні не гандляваць палітзняволенымі, не гандляваць з Лукашэнкам...

Еўрарадыё: З якой мэтай магла быць зроблена гэтая ўцечка інфармацыі пра сустрэчу, пра дамоўленасць?

Буцька: Гэта магло нават выпадкова атрымацца. Цяжка сказаць, каму больш выгадна, каб такую інфармацыю апублікаваць. Думаю, што нейкі гандаль насамрэч ідзе, бо мы акрамя гэтага нічога не ведаем, у якім стане зараз перамовы і адносіны ЕС з Лукашэнкам. Ніякай інфармацыі няма, а я не веру, што няма ніякіх перамоваў. Нешта напэўна ёсць, але мы не ведаем пра гэта. Таму я думаю, што рознага роду прапановы могуць быць прад'яўленыя Лукашэнку.

Вядома, з маральнага пункту гледжання гэта вельмі кепска. Канешне, хацелася б любым шляхам вызваліць палітвязняў, бо для іх сем'яў і для іх саміх гэта вельмі важна, асабліва для тых, у каго кепскі стан здароўя, як напрыклад, у спадара Бандарэнкі, ці, напрыклад, як у Класкоўскага, у якога трое дзяцей і жонка. Я думаю, што цяпер шматлікія палітвязні рэзка былі б супраць таго, каб імі гандлявалі.

Еўрарадыё: Але чаму ў такіх перамовах паўдзельнічаў міністр замежных спраў Балгарыі?

Буцька: З пункту гледжання грамадскай думкі ў краінах Еўрасаюза, афіцыйнае запрашэнне Лукашэнкі ў любую краіну ЕС вельмі кепска адбілася б на іміджы тых палітыкаў, якія гэта зрабілі... Таму афіцыйна паціскаць руку Лукашэнку ніхто з ЕС не збіраецца. Думаю, таму другасную ў ЕС краіну, як Балгарыю, нехта прыдумаў паслаць да Лукашэнкі весці перамовы. Калі насамрэч такое рашэнне было прынятае.

Еўрарадыё: На вашую думку, якія дзеянні ў дачыненні да Беларусі былі б больш эфектыўныя? Як ЕС мусіў бы праводзіць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі, каб не "наступаць на тыя самыя граблі"?

Буцька: Я неаднаразова казаў, што на Лукашэнку дзейнічае толькі сіла і моцныя эканамічныя санкцыі, а таксама візавыя санкцыі, але не ў тым масштабе, у якім яны ёсць зараз, а ў дзесяткі разоў большыя... Але еўрапейскія чыноўнікі проста баяцца такіх дзеянняў, яны вельмі далікатна падыходзяць і спрабуюць такую кулуарную палітыку весці. Яны спрабуюць неяк гандлявацца, але як гэта атрымліваецца, мы ўжо можам шмат гадоў назіраць.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі