Чаму сертыфікат на вопратку гандлярам робяць два месяцы?
Ці справяцца з чэргамі лабараторыі, калі туды рынуць прадпрымальнікі?
Беларускія прадпрымальнікі баставалі з-за новага тэхрэгламента Мытнага саюза, які абавязвае сертыфікаваць вопратку і абутак. Іпэшнікі кажуць, што гэта дорага. Але бізнесмены, якія ўжо пачалі сертыфікаваць, не супраць самой працэдуры і скардзяцца Еўрарадыё, што яна займае шмат часу.
"Выпрабаванні робяцца тры месяцы. Ты купіў, уклаў грошы і паклаў на склад. Ты не працуеш", — распавядае Алена, дырэктарка крамы бялізны.
У Рэспубліканскім цэнтры выпрабаванняў і сертыфікацыі Еўрарадыё тлумачаць, што ўжо зараз там чарга. І гэта без прадпрымальнікаў:
"Самі выпрабаванні робяцца не доўга. Але рэч у тым, што была чарга адзін час. Таму мы прапісалі тэрмін — два месяцы пасля аплаты. Зараз чаргі ўжо няма, стараемся на працягу месяца сертыфікат выдаваць".
Што ж будзе, калі сертыфікацыю пачнуць праходзіць прадпрымальнікі — гэта будзе вялікая плынь кліентаў?
"Будзем глядзець. Калі што будзем вяртацца да двух месяцаў, а там паглядзім — можа, будзем людзей набіраць".
Еўрарадыё задаецца іншым пытаннем: як жа будуць атрымоўваць сертыфікаты "стокі" і "сэканды"? У дзяржаўным органе па сертыфікацыі тлумачаць, што апошніх новы тэхрэгламент не датычыцца.
"Сэканды" сюды не трэба прыплятаць. Гэта прадукцыя, якая была ва ўжыванні. Кожны чалавек сам вырашае, ці гатовы ён яе купіць. Калі я заходжу у краму "сэканд-хэнд", пра што напісана буйнымі літарамі, я разумею, што гэта прадукцыя, якую ўжо насілі, і нічога ад яе чакаць я не магу".
Абавязквая ўмова — каб рэчы ў "сэкандах" апрацоўвалі антысептыкамі.
У стокавых крамах сітуацыя трошкі іншая. Амаль усе дробныя крамы затаварваюцца у буйных беларускіх аптавікоў, якія ўжо пачалі рабіць дэкларацыі адпаведнасці.
"Мы ўжо прайшлі ўсе выпрабаванні і сёння атрымоўваем дэкарацыю. Працэдура дарагая, але робім. Гэта проста зменшыць наш прыбытак. А кошты павялічваць не будзем".
Тут кажуць, што па тэрмінах цяпер сертыфікацыя займае тры тыдні, з партыі забіраюць адну рэч. Як даведалася Еўрарадыё, стокавыя крамы перайшлі на больш буйныя партыі аднолькавага тавару, каб зменшыць выдаткі на выпрабаванні.
"Апошнія некалькі месяцаў мы працуем з фабрычнымі рэчамі. У нас ідуць усё рэчы аднаго тыпу".
У адной са сталічных крам Еўрарадыё кажуць, што кошты з-за новай працэдуры не павінны змяніцца. Бо дробныя крамы закупляюцца ў аптавікоў, якія самі робяць усё сертыфікаты і бяруць на сябе ўсе выдаткі. Магчыма, такая ж схема можа працаваць і з іпэшнікамі, калі скончыцца адтэрміноўка.