Страйк іпэшнікаў у Баранавічах прымусіў чыноўнікаў пайсці на перамовы

Перамовы з іпэшнікамі / nashkraj.by
Перамовы з іпэшнікамі / nashkraj.by

"У нас узнікла вельмі шмат пытанняў па цэнаўтварэнні, на якія мы ні ў каго не маглі знайсці адказаў", — патлумачылі прадпрымальнікі мясцовым уладам сваю забастоўку 27 кастрычніка.

Нагадаем, што ў пятніцу многія іпэшнікі ў Беларусі, якія гандлююць на рынках нехарчовымі таварамі, не выйшлі на працу. Прынамсі у Баранавічах у гэты дзень фактычна не працавалі Цэнтральны рынак (з 850 арандатараў на працоўныя месцы з'явіліся толькі 20) і “Палескі “Кірмаш”, дзе з 240 арандатараў працавалі толькі 40. Іпэшнікі аб'явілі, што не будуць працаваць да таго часу, пакуль не атрымаюць дакладнага тлумачэння, як далей прымяняць механізм цэнаўтварэння.

Страйк  вымусіў чыноўнікаў пайсьці на перамовы.

“Вы не прыраўноўвайце нас, дробных іпэшнікаў, да вялікіх гандлёвых сетак, – выказаў свой пункт гледжання Уладзімір Якубец, які прадстаўляе Цэнтральны рынак. – Я гандлюю на маленькай плошчы, выдаткі вялікія, а пакупнікі на рынку бываюць толькі на выходных. Ды і тыя прыязджаюць з раёнаў”.

“Частку тавару мы закупляем за наяўныя грошы. Вось і выходзіць, што нават калі я накручу на свой тавар 60%, не вярну тыя грошы, якія выдаткавала на закуп", – распавяла Любоў Шырокава, якая працуе на “Палескім”.

Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Міхаіл Бацэнка выслухаў і іншыя скаргі, але заявіў, што 713-я пастанову беларускіх уладаў ніхто не адменіць, "яе можна толькі падкарэктаваць". Ён прапанаваў прадпрымальнікам вырашаць пытанні ў працоўным фармаце, "без крыку, у фармаце нармальнага дыялогу".

У адказ іпэшнікі паабяцалі выйсці на працу і прадаставіць свае прапановы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі