Чэшскі “Банік” баіцца апошніх хвілінаў матча з магілёўскім “Дняпром”
Разведка футбольнага клуба “Банік” правяла ў Беларусі 6 дзён і запісала два матчы з удзелам “Дняпра” на відэа. Дняпроўцы тое-сёе пра каманду з Астравы спампавалі з інтэрнэту. 29 ліпеня супернікі сустрэнуцца ў Магілёве ў першым матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы.
Старэйшы трэнер магілёўскай каманды Ўладзімір Брэжэзінскі распавёў Еўрарадыё, што “Дняпро” саступаць чэхам не збіраецца:
“Настрой у нас рашучы. Трэніруемся ў штатным рэжыме: трэніроўка была на стадыёне, перадгульнёвая — на базе”.
Да матчу з “Банікам” каманда з берагоў Дняпра падышла ў амаль аптымальным складзе.
“Хіба што Шунейка дыскваліфікаваны на першую гульню, — працягвае Ўладзімір Дзмітрыевіч. — А астатнія ўсе здаровыя. І эмацыянальны стан добры! Але на колькі хопіць сіл — іншае пытанне”.
Натуральна, футбалісты “Баніка” (дарэчы, з чэшскай мовы назва клуба перакладаецца як “Шахцёр”) паспрабуюць скарыстацца адсутнасцю ў складзе “Дняпра” дасведчанага 36-гадовага абаронцы. Але ці атрымаецца ў іх? Днямі галоўны мэнэджэр клуба з Астравы Вернэр Лічка заявіў, што ў Магілёве чэхаў чакае “цяжкі шок”. Ён меў на ўвазе менавіта апошнія хвіліны гульні, калі сілы будуць заканчвацца.
Вернэр Лічка: “У хатняй гульні з нарвежскім “Стабекам” беларусы дасягнулі мэты за 5 хвілінаў да канца. А ў гасцявым матчы з БАТЭ хаця і прайгралі 0:2, але за апошнія паўгадзіны лік мог змяніцца на карысць магілёўцаў.
Барысаўская каманда — адна з заўважных у Еўропе, каманда ўзроўню Лігі чэмпіёнаў. Першыя 55 хвілінаў гульні з “Дняпром” яна бясспрэчна выглядала лепш і забіла 2 галы. Але пасля госці змянілі малюнак сваёй гульні, перахапілі ініцыятыву і мелі шмат магчымасцяў, каб забіць”.
Вернэр Лічка разам з аператарам правёў у Беларусі 6 дзён і наведаў дзве згаданыя гульні “Дняпра”. Паводле словаў Уладзіміра Брэжэзінскага, чэхі абяцалі прывезці ў Магілёў запісы сваіх гульняў. Але яшчэ 27 ліпеня, за два дні да гульні, нічога такога ў трэнерскі штаб не перадавалі.
Уладзімір Брэжэзінскі: “Рэч у тым, што абяцалі нам інфармацыю даць. Але па стане на раніцу [27 ліпеня. — заўв. Еўрарадыё] яе не было. Спадзяемся, што што-небудзь будзе цягам дня. Але тое-сёе нашыя разведчыкі з інтэрнэта спампавалі”.
Футбалісты “Баніка” ўжо прыляцелі ў Беларусь. Яны жывуць у гатэлі ў цэнтры Магілёва. Каб не паўтарыць памылак нарвежскага “Стабека”, якога “Дняпро” прайшоў у мінулым кваліфікацыйным раўндзе, яны запатрабавалі сабе нумары з кандыцыянерамі і нават прывезлі ў Магілёў уласнага кухара Юзафа Голіса. Затое, згодна са словамі прэс-сакратара “Дняпра”, сапраўды не прывезлі відэаматэрыялаў са сваімі гульнямі:
“А вы ўжо знайшлі недзе гэтую інфармацыю пра тое, што ў нас гэтых дыскаў няма? Яны нам відэа па інтэрнэце прэзентавалі, — паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе клуба. — І па інтэрнэце мы тое-сёе глянулі. Не ў той колькасці, вядома, у якой мы хацелі, але...”
Такім чынам, з “Банікам” дняпроўцы будуць праводзіць разведку боем. Гэта не так ужо і дрэнна: не будзе лішняга мандражу перад моцным супернікам. Галоўнае, каб на фірмовы фінішны “цяжкі шок” сілаў хапіла.
Нібыта адмыслова для таго, каб было зручна гуляць у футбол, на 28 і 29 ліпеня з Беларусі сышла спёка. Нагадаем, сёння ўвечары БАТЭ ў 3-м адборачным раўндзе Лігі чэмпіёнаў сустракаецца з “Капенгагенам”. На наступны дзень, 29 ліпеня, у Магілёве адбудзецца гульня паміж мясцовым “Дняпром” і “Банікам” з Астравы. А мінскае "Дынама" ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы ў Хайфе згуляе з "Макабі".