Ці будзе вайна ў Крыме і ці ўмяшаецца НАТА?
Як заходнія палітыкі і журналісты абмяркоўваюць падзеі на поўдні Украіны?
Увага заходніх журналістаў і палітыкаў па-ранейшаму застаецца прыкаванай да Украіны, але замест Кіева і Майдана фокус перамясціўся на неспакойны Крым.
Большасць экспертаў, апытаных 26 лютага Deutsche Welle, выказалі меркаванне, што да вайны ў Крыме не дойдзе, як Петэр Шульц з Універсітэта Гётынгена:
“У Расіі няма магчымасці манеўраваць на ўкраінскім кірунку. Такая магчымасць знікла з адстаўкай украінскага прэзідэнта Віктара Януковіча. Масква абсалютна не зацікаўлена грукаць аб стол і паводзіць сябе нядбайна. І Масква ведае, што не зможа разыграць сепаратычную карту ва Украіне”.
Дзяржсакратар ЗША Джон Керы раіць не ўспрымаць цякучую палітычную сітуацыю ва Украіне як халодную вайну з Расіяй. Заява была зроблена за два дні да захопу будынкаў урада і парламента Крыма. Тады ж дзяржсакратар і перасцярог Расію ад “ваенных гульняў”, якія могуць павялічыць напружанне на паўвостраве.
Джон Керы: “Вайсковае ўмяшальніцтва любога віду, якое б парушыла суверэнную тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, стала б вялізнай памылкай. Трэба паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”.
Журналісты і эксперты ўзгадваюць канфлікт 2008 года, калі Расія пайграла сваімі мускуламі ў сепаратысцкіх рэгіёнах Грузіі. Як адзначае Reuters, зрабіць нешта такое ва Украіне будзе больш складана: краіна мае насельніцтва 46 мільёнаў чалавек і шчыльныя сувязі з еўрапейскімі дзяржавамі і ЗША. А кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Станіслаў Казей усур’ёз непакоіцца: ён лічыць, што нельга выключаць спробы Крыма стаць незалежным. А тое, што там цяпер адбываецца, называе “разваротам Майдана”. Калі ж дойдзе да “грузінскага сцэнарыя”, то не факт, што НАТА падключыцца да канфлікту, сцвярджае Станіслаў Казей.
Станіслаў Казей: “Дастаткова, што гэта робіць Расія, а яна робіць гэта, я б сказаў, бесцырымонна. Думаю, было б дрэнна, калі НАТА ў адказ аб’явіла аб правядзенні якіх-небудзь маштабных манеўраў на мяжы з Украінай, бо гэта азначала б, што паддаёмся логіцы, навязанай звонку”.
У той час міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які адзначыўся паспяховымі перамовамі падчас апошніх падзей у Кіеве, нагадвае, што захоп дзяржаўных будынкаў — “небяспечная гульня”, з якой пачынаюцца рэгіянальныя канфлікты.
Тым часам міністр абароны Германіі Урсула фон дэр Леен ужо сёння нагадала самае галоўнае, чаго нельга дапусціць ва Украіне:
“Мы занепакоеныя падзеямі ў Крыме. Самае галоўнае — гэта пазбегнуць распаду Украіны”.
The New York Times піша пра выклікі з якімі сутыкнуўся новы ўкраінскі ўрад: супакоіць сепаратызм у сябе дома, а таксама расчараванага расійскага прэзідэнта, які бачыць Украіну як важную частку ўзнаўлення ўплыву ў былым СССР. Выданне разважае і пра шырокія вайсковыя вучэнні, якія цяпер Расія праводзіць у непасрэднай блізкасці да Украіны.
The New York Times: “Хаця толькі нешматлікія аналітыкі чакалі расійскай вайсковай інтэрвенцыі, большасць меркавала, што спадар Пуцін мусіў неяк адказаць на такую балючую геапалітычную паразу”.
У сваю чаргу брытанскае выданне The Guardian лічыць, што вайна паміж Расіяй і Украінай будзе, але эканамічная.
Варта дадаць, што крымскія дэпутаты ініцыявалі правядзенне рэферэндуму, на якім могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы аўтаноміі. Рэферэндум можа адбыцца 25 траўня — у дзень датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне.
Фота: Darko Bandic