Дацкая газета Jyllands-Posten адмовілася друкаваць карыкатуры Charlie Hebdo
Буйнейшы дацкі таблоід, які 10 гадоў таму апублікаваў карыкатуры на прарока Мухамеда, адмаўляецца сёння публікаваць карыкатуры Charlie Hebdo.
Адно з найбуйнейшых папяровых выданняў Даніі Jyllands-Posten адмаўляецца публікаваць карыкатуры Charlie Hebdo з меркаванняў бяспекі, перадае Reuters. “Гэта дэманструе, што гвалт працуе”, - было надрукавана на першай старонцы Jyllands-Posten у пятніцу.
Усе іншыя буйныя газеты Даніі перадрукавалі карыкатуры французскага сатырычнага штотыднёвіка, распавядаючы пра тэракт, пры якім у Парыжы ў сераду загінулі 12 чалавек. Многія іншыя еўрапейскія газеты таксама перавыдавалі карыкатуры Charlie Hebdo на знак пратэсту супраць забойстваў.
Нагадаем, што ў верасні 2005 годзе Jyllands-Posten апублікавала 12 карыкатураў розных мастакоў, большасць з якіх былі на прарока Мухамеда.Тады гэта выклікала хвалю пратэстаў ва ўсім мусульманскім свеце, падчас чаго загінула прынамсі 50 чалавек.
“Мы жылі пад жахам тэрарыстычнай атакі на працягу дзевяці гадоў, і менавіта гэтак мы тлумачым, чаму мы не перадрукоўвалі карыкатуры. Мы не жадаем быць дацкім Charlie Hebdo, — патлумачылі ў Jyllands-Posten. — Але разам з гэтым мы разумеем, што паддаемся запалохванню.”
Газета Jyllands-Posten вырашыла ўзмацніць узровень бяспекі з-за тэрарыстычных атак у Парыжы. “Бяспека нашых супрацоўнікаў мае першаснае значэнне”, — напісана ў пятнічнай рэдакцыйнай прадмове.
Фота — Reuters