Даменная зона ".бел" на рускай і беларускай мовах з "Ў"

У сеціве ўжо з'явіўся першы сайт з кірылічным даменам – домены.бел, а таксама копія на беларускай мове – дамены.бел. Там можна паглядзець інфармацыю аб новай кірылічнай даменнай зоне Беларусі.

Дамены будуць выдаваць у некалькі этапаў

Першы этап — sunrise. Дамены змогуць купіць толькі юрыдычныя асобы і ўладальнікі таварных знакаў. Кампанія павінная даказаць сваю прыналежнасць да таго ці іншага дамену. Напрыклад, прад'явіць рэгістрацыю фірмы і таварнага знака. Прыярытэт будзе ва ўладальнікаў таварнага знака. Індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць удзельнічаць у гэтым этапе, калі яны не валодаюць таварным знакам.

Каштаваць дамены на першым этапе будуць 100 даляраў з рэгістрацыяй на 2 гады. Гэты этап будзе доўжыцца 3 месяцы.

"Гэта звязана з тым, што дакументы будуць разглядацца ўручную. Будзе сфармаваная спецыяльная камісія, якая будзе раздаваць дамены. Дзяржорганы змогуць купіць дамены за 15 долараў", — кажа дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў.

Наступны этап — продаж праз аўкцыёны. Кошт даменаў на аўкцыёнах складзе 30 даляраў, якія пойдуць рэгістратару. Астатняя сума будзе па традыцыі вылучацца дзіцячым дамам. На аўкцыёнах будуць прадаваць самыя "прыгожыя" дамены.

Сяргей Павалішаў"Калі дамена няма на аўкцыёне, але нехта яго хоча купіць, то можна будзе падаць заяву, дамен з'явіцца на аўкцыёне, і яго можна будзе набыць за мінімальную цану, калі ён нікога больш не зацікавіць".

Гэты этап таксама будзе доўжыцца 3 месяцы, а затым дамены паступяць у свабодны продаж за 15 долараў. Два першыя этапы створаныя для абароны ад кіберсквотараў, якія ўжо напісалі скрыпты да ўсіх рэгістратараў.

Сяргей Павалішаў"Будуць дамены і з "ў". Спачатку могуць узнікнуць праблемы з даменамі з апострафам, бо яго проста няма на клавіятуры, але ўпэўнены, і гэтую праблему мы з часам вырашым".

Праўда, зарэгістраваць дамен "ў.бел" пакуль не атрымаецца, таму што па правілах мінімальная даўжыня дамена ў зоне — 2 сімвалы.

Дамены можна будзе рэгістраваць на беларускай і рускай мовах. Дамены "мир.бел" і "мір.бел" будуць рознымі сайтамі.

Такія дамены, як "правительство.бел" ці "армия.бел", "президент.бел" будуць зарэзерваваныя за дзяржустановамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі