Дар'я Домрачава ў пятніцу стартуе ў спрынце 50-й
У пятніцу, 6 студзеня, на 4-м этапе Кубка свету па біятлоне ў Оберхофе Дар'я Домрачава стартуе ў спрынце пад 50-м нумарам, інфармуе "Прессбол". Гонка пачнецца ў 16.15 паводле беларускага часу. Жывая трансляцыя — на тэлеканале "Беларусь 5".
Домрачава прапусціла з-за хваробы сезон 2015/2016 гадоў, а ў сувязі з нараджэннем дачкі — першыя тры этапы бягучага сезону. Разам з ёй у спрынце выступяць Дар'я Юркевіч (11-ы нумар), Ірына Крыўко (44) і Надзея Пісарава (84). Варта адзначыць, што трэнерскі штаб беларускай зборнай не здолеў запоўніць поўную квоту на гонку, былі заяўленыя толькі чатыры біятланісткі.
У чацвер у Оберхофе прайшоў мужчынскі спрынт. Яго выйграў аўстрыец Юліян Эберхард — 27.26,8 (1 промах). Беларусы выступілі няўдала, дапусцілі 17 промахаў на двух агнявых рубяжах. У выніку, Раман Елятноў заняў 50-е месца (+2.18,8; 3 промахі), Сяргей Бачарнікаў — 54-е (+2.25,2; 5 промахаў, у яго 9(!) час на лыжні), Максім Верабей — 85-е (+3.33,6; 4 промахі), Уладзімір Чапелін — 87-е (+3.41,4; 5 промахаў). Агулам стартавалі 102 біятланіста.