Дар’я Домрачава выйграла масстарт у Рупольдынгу (відэа)
Яна не толькі фінішавала першай, але і паказала найлепшы вынік па хуткасці, выйграўшы ў сваёй суперніцы Кайсы Макярайнен амаль 41 секунду.
18 студзеня ў нямецкім Рупольдынгу прайшла жаночая гонка з масавым стартам у рамках этапа Кубка свету па біятлоне. Беларуска Дар’я Домрачава стартавала другой, паміж лідарам, фінкай Кайсай Макярайнен і ўкраінкай Валянцінай Семярэнка. Першая стральба скончылася для беларускі адным промахам і таму яна на некаторы час выпала з групы лідараў, але даволі хутка адыграла страчаны час. Другі агнявы рубеж Домрачава прайшла чыста і адарвалася ад Макярайнен.
Перад трэцяй стральбой суперніцы спаборнічалі ў хуткасці і ў выніку абедзве атрымалі па два штрафныя колы. Зрэшты, Домрачава ўжо перад апошняй стральбой выйграла ў фінкі 23 секунды. Закрыўшы ўсе пяць мішэняў, яна ўпэўнена завяршыла гонку і заваявала сваё “золата”.
Другое месца атрымала немка Францыска Пройс, якая саступіла Домрачавай 16,5 секунды, а на трэцім месцы — Вераніка Віткава з Чэхіі (+22,9).
Беларуска Надзея Скардзіна, якая стартавала 14-й, на фінішы паказала толькі 19-ты вынік.
Усяго ў гонцы прыняло ўдзел 30 біятланістак.
Дар'я Домрачава скараціла адставанне ад фінкі ў агульным заліку Кубка свету.