Дэпартаваным у Беларусь з Расіі вернікам абмежавалі кантакты з людзьмі

Дэпартаваныя з Расіі вернікі, якія чакалі пад Пензай «канца свету», 5 снежня вярнуліся ў Жабінкаўскі раён. Да Оршы іх везлі на мікрааўтобусе, пасля – на цягніку да Брэста. На вакзале ў Брэсце іх сустракаў начальнік Жабінкаўскага РАУС. Журналістаў да іх не падпусцілі, фотаграфаваць забаранілі.
У Жабінку яны былі прывезеныя на аўтамабілі. У раённым цэнтры траіх дзяцей (1992, 1993 і 2004 гадоў нараджэння) 35-гадовай жыхаркі вёскі Мацясы Валянціны Панядзельнік абследавалі ў бальніцы.

Раённы педыятр правяла з імі тры гадзіны. Яна прыйшла да высновы, што іх здароўю нічога не пагражае.

Таксама на радзіму вярнулася і 40-гадовая жыхарка вёскі Агароднікі Вольга Дзенісевіч. Усіх іх нейкі час трымалі ў РАУС у Жабінцы. Паводле некаторых звестак, у жанчын няма пашпартоў і, праўдападобна, вырашалася пытанне выдачы ім новых дакументаў. Пасля іх развезлі па хатах.

Нагадаем, вернікі адмаўляюцца ад прадуктаў, якія прадаюцца ў краме, харчуюцца толькі тым, што вырошчваюць самі. Як нам стала вядома, у іх дамах ёсць запас бульбы, кансерваў, а таксама дроваў.

Паводле некаторых звестак, жанчынам параілі абмежаваць сувязь са знешнім светам. А вось лекары турбуюцца, што калі яны прыйдуць для правядзення чарговага абследавання, іх могуць не пусціць у хату.

Аляксей Мурланаў, Еўрарадыё, Брэст - Жабінка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі