Дэпутат Дзярждумы прапанаваў забараніць караць катоў
Увесці заканадаўчую забарону на кары для катоў і котак прапанаваў дэпутат расійскай Дзярждумы Віталь Мілонаў, паведамляе ria.ru.
Мілонаў заявіў, што жывёлы ніколі не робяць нічога дрэннага са злым намерам, а іх хуліганства звязанае з тым, што да іх дрэнна ставяцца і не клапоцяцца.
"Я, як чатыры разы котаўладальнік, дакладна ведаю: коцікі любяць, калі ў доме парадак, мір і любоў. Тады і хвастатыя паводзяць сябе прыстойна", — заявіў расійскі дэпутат.
Па яго словах, каты могуць пачаць хуліганіць, калі "ў сям'і пачынаюцца сваркі і лаянка". Але вінаваціць у гэтым жывёлаў нельга, бо заўсёды вінаватыя людзі, якія "правакуюць сваіх мурзікаў і барсікаў пераступаць нормы прыстойнасці і нават законы".
Дэпутат падзяліўся тэхналогіяй адносінаў з жывёлай: "Пакармі ката, пагуляй з ім, расчашы шэрстку — і любы самы закаранелы кацяра ператвараецца ў пухнаты камячок дабрыні і ласкі".