Домрачава выйграла срэбра ў алімпійскім мас-старце
Беларуска Дар’я Домрачава заваявала срэбраны медаль у біятлоннай гонцы з масавым стартам на Алімпіядзе ў Пхенчхане. Гэта першая ўзнагарода славутай біятланісткі на сёлетніх Гульнях і другі медаль у скарбонцы нацыянальнай зборнай. Учора золата заваявала фрыстайлістка Ганна Гуськова.
Увайсці ў лік прызёраў Домрачавай дапамагла добрая стральба — яна мела толькі адзін промах на трэцім агнявым рубяжы. Беларуска пасля гэтай няўдачы была пятай і прайгравала лідару гонкі Анастасіі Кузьміной са Славакіі ажно 44 секунды. Аднак бездакорная стральба на апошнім рубяжы дазволіла Домрачавай вырвацца на другое месца і прыйсці на фініш з адставаннем ад пераможцы гонкі Кузьміной на 17,9 секунды.
Трэцяе месца дасталася Тырыль Экхаф з Нарвегіі.
У біятлонным масстарце ўдзельнічалі яшчэ дзве беларускі — Надзея Скардзіна, якая паказала 7-ы вынік, і Ірына Крыўко, у якой 26-е месца.