Домрачава заняла 13-е месца ў спрынце ў Румпольдынгу
Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава заняла 13-е месца ў спрынтарскай гонцы, якая прайшла 14 студзеня ў нямецкім Румпольдынгу ў рамках этапа Кубка свету. У параўнанні з папярэднім этапам у Аберхофе гэта значна лепшы вынік — тады Домрачава фінішавала на 37-й пазіцыі, дапусціўшы па адным промаху на двух агнявых рубяжах.
Гэтым разам Дар’я чыста адстралялася на лёжцы, аднак на стральбе стоячы не закрыла адну мішэнь. Яна прайграла лідару гонкі Кайсе Макярайнен з Фінляндыі 1 хвіліну 34,8 сек. Другое месца заняла Габрыэла Каўкалава з Чэхіі, на трэцім — немка Лаура Дальмаер.
Іншыя беларускі, якія таксама беглі спрынт, паказалі наступныя вынікі: Надзея Скардзіна — 25 (без промахаў), Ірына Крыўко — 44 (1 промах), Крысціна Ільчанка — 88 (4 промахі), Надзея Пісарава — 91 (5 промахаў).
У гонцы пераследу, якая адбудзецца заўтра, 15 студзеня, прымуць удзел Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна і Ірына Крыўко.