Другі дэмарш Такаева: адмовіўся прымаць расійскі ордэн Аляксандр Неўскага

Касым-Жамарт Такаеў / Kaztag
Касым-Жамарт Такаеў / Kaztag

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адмовіўся прымаць расійскі ордэн Аляксандра Неўскага. Гэта адбылося на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме (ПМЭФ), піша "Новая газета. Еўропа" са спасылкай на палітолага Ербала Ядзілава і прэс-сакратара Такаева Руслана Жалдзібая.

"Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за аказаны гонар. Аднак ім было прынята рашэнне да завяршэння яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў не прымаць ні айчынныя, ні замежныя ўзнагароды", — расказаў Ядзілаў. З гэтай жа прычыны, пішуць казахстанскія СМІ, Такаеў нядаўна адмовіўся ад вышэйшага кіргізскага ордэна — "Манас першай ступені".

Ордэнам Аляксандра Неўскага можа ўзнагароджвацца замежны дзеяч за заслугі ў развіцці шматбаковага супрацоўніцтва з Расіяй і аказанні садзейнічання ў яе сацыяльна-эканамічным развіцці.

Праўда, афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў адмаўляе прэцэдэнт, заяўляючы, што "ніякага ўзнагароджання і не планавалася", і не ведае, "адкуль гэтая інфармацыя".

Напярэдадні Такаеў у твар Пуціну сказаў, што не прызнае "ДНР" і "ЛНР", назваўшы іх "квазідзяржавамі".

"Мы не прызнаем ні Тайвань, ні Косава, ні Паўднёвую Асецію, ні Абхазію. Гэты ж прынцып будзе прыменены ў дачыненні да квазідзяржаўных тэрыторый, якімі з'яўляюцца Луганск і Данецк", — заявіў Такаеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі