Дзень народнага адзінства: настальгія па СССР або спроба памірыцца?
Ці хочуць гэтыя людзі адзначаць Дзень народнага адзінства разам? / Еўрарадыё
У найбліжэйшы час у Беларусі можа з'явіцца новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Улады прапанавалі на выбар дзве даты — 17 верасня або 14 лістапада. Прыхільнікі з'яўлення такога свята звязваюць гэтыя даты з 17 верасня 1939 года — пачаткам уступлення савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы, і 14 лістапада 1939 года — далучэннем Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі да СССР.
Пра тое, ці патрэбны беларусам Дзень народнага адзінства, пры чым тут даты, прапанаваныя ўладамі, і каго ў Беларусі сабраліся аб'ядноўваць, Еўрарадыё пацікавілася ў публіцыста Аляксея Дзерманта і гісторыка Аляксандра Пашкевіча.
Ці патрэбны беларусам Дзень народнага адзінства?
— Кожная нацыя мае нейкія даты, сімвалы, вакол якіх адбываецца аб'яднанне большасці, — разважае Аляксей Дзермант. — Гэта дзяржаўны сцяг і герб, пэўная гістарычная памяць і, натуральна, даты дзяржаўных святаў. На мой погляд, у Беларусі даўно наспела неабходнасць услед за дзяржаўнымі сімваламі, якія былі прынятыя на рэферэндуме, даволі выразна абазначыць пэўныя даты. Тым больш што ў гісторыі Беларусі было такое аб'яднанне [далучэнне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР. — Еўрарадыё], якое дазволіла аб'яднаць дзве часткі краіны, дзве разарваныя часткі грамадства. З таго моманту з'явілася нейкая новая цэльная краіна, спадчынніцай якой ёсць і сучасная Рэспубліка Беларусь.
— Я асабіста лічу, што такая дата наогул не патрэбна, таму што няма такога грамадскага расколу, які давялося б змацоўваць такога роду святамі, — кажа Аляксандр Пашкевіч. — Па-мойму, сёння ёсць толькі раскол паміж вярхамі ўлады і большай часткай грамадства. Тыя гісторыкі, якія цяпер ёсць ідэалагічнай абслугай цяперашняй улады, даказваюць сваю неабходнасць, выступаюць з нейкімі ініцыятывамі. Практычнай неабходнасці ў гэтай даце няма. Можна разглядаць гэта як ідэалагічны канструкт для запаўнення эфіру і "вешання локшыны на вушы".
Бесперспектыўна рабіць гэтыя даты нейкімі святочнымі днямі. Думаю, што і навязаць іх не атрымаецца хоць бы таму, што цяперашняя ўлада, якая збіраецца гэта зрабіць, мае настолькі негатыўны імідж у грамадстве, што ўсё, што яна будзе праводзіць, не будзе ўспрымацца станоўча, а будзе адмаўляцца. Калі ўлады хочуць гэтыя даты дыскрэдытаваць яшчэ больш, то няхай гэта робяць.
Спроба прымірэння або фарс з боку ўладаў?
Дні аб'яднання ёсць у многіх краінах. Напрыклад, для Расіі існаванне такога свята можа быць апраўдана: велізарная тэрыторыя, вялікая колькасць этнасаў, моў. Пра Беларусь такога не скажаш. Каго ж улады сабраліся аб'ядноўваць? Аляксей Дзермант лічыць, што ў нашай краіне ёсць "мяцежнікі" і праўладная большасць, а само свята дапаможа аб'яднаць неаб'яднальнае: нацыяналістаў і прыхільнікаў СССР.
— У нас не зусім маналітная нацыя, — кажа Дзермант. — У нас ёсць большасць, якая доўгі час знаходзілася ў пэўнай спячцы. Мы думалі, што можам суіснаваць з усімі. Але мяцеж 2020 года паказаў, што замест патурання розным экстрэмісцкім ідэям трэба сцвярджаць перш за ўсё свае каштоўнасці, свае ідэі, ідэі большасці. А 17 верасня падыходзіць як мага лепш, таму што яно можа аб'яднаць нават беларускіх нацыяналістаў, толькі калі яны не прапольскай арыентацыі. 17 верасня 1939 года аб'ядналася беларуская нацыя. Ну так, гэта адбывалася пад сцягам і з дапамогай Савецкага Саюза. Але тым не менш наступствы гэтага аб'яднання адбіваюцца дагэтуль: мы адзіныя, многія з нас — нашчадкі тых сем'яў, якія аб'ядналіся пасля 17 верасня. Гэта дата можа аб'яднаць і прыхільнікаў улады, і нацыяналістаў, і прасавецкіх патрыётаў.
— Нікога ўлады аб'ядноўваць не збіраюцца. Гэта, хутчэй, спроба зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Тым больш што не спыняецца дзяржтэрор, не спыняецца мова варожасці ў дзяржаўных СМІ і з вуснаў найвышэйшых чыноўнікаў, — коратка адказвае гісторык Пашкевіч.
Ці падыходзяць для свята даты, якія нагадваюць пра падзеі, падчас якіх СССР падтрымліваў адносіны з нацыстамі?
Напад Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года трактуецца гісторыкамі як акт агрэсіі, а з'яўленне савецкіх войскаў на тэрыторыі Польшчы, якое адбылося пасля гэтага, часта падаецца як мера па абароне ўкраінцаў, беларусаў і габрэяў, якія пражывалі на ўсходніх тэрыторыях. Аднак сакрэтны дадатковы пратакол да дамовы аб ненападзе паміж Германіяй і СССР сведчыць пра іншыя прыярытэты. У дакуменце не сказана пра неабходнасць абароны этнічных меншасцяў, затое выразна абазначаныя інтарэсы дзвюх дзяржаў, канчатковай мэтай якіх была "тэрытарыяльна-палітычная перабудова", а прасцей кажучы, перадзел Усходняй Еўропы.
Адназначную ацэнку тым падзеям даць цяжка, меркаванні наконт гэтага падзяліліся ўжо даўно. Ці дарэчным будзе згадванне гэтых дат у кантэксце святкавання Дня народнага адзінства?
— З пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў гэта дата і тыя падзеі, безумоўна, станоўчыя. Мы ж гаворым пра інтарэсы беларусаў, а не Польшчы, і плачамся не пра тое, што яны [Польшча. — Еўрарадыё] страцілі. Тое, што думаюць палякі, што думаюць на Захадзе, — гэта іх праблемы. Яны ж ніколі асабліва не лічацца з нашым меркаваннем, калі вылучаюць свае дні памяці, — перакананы палітолаг Дзермант.
Гісторык Аляксандр Пашкевіч лічыць інакш:
— 17 верасня і 14 лістапада не могуць быць днямі народнага адзінства, таму што на той час нават фармальнага аб'яднання не атрымалася. Вельмі хутка пачалася нямецкая акупацыя і ўсё памянялася зноў. Ніякага шчасця тады народу гэта не прынесла. Вядома, тое, што беларуская тэрыторыя аб'ядналася, можна лічыць пазітыўным значэннем. З нагоды гэтай даты можна збірацца, абмяркоўваць, пісаць гістарычныя працы, разважаць наконт яе гістарычнага значэння, але надаваць гэтаму статус дзяржаўнага свята, успрымаць яго як адназначна станоўчую падзею нельга. З гэтай датай было звязана шмат негатыву: не сфармавалася незалежная беларуская дзяржава, а проста адбылося пашырэнне тэрыторыі савецкай рэспублікі, у якой на той момант адбываліся жудасныя рэчы: рэпрэсіі, арышты, расстрэлы, калектывізацыя. Таму я б сказаў, што гэта памятная дата, але не святочная.
Хто вырашыў за ўсіх беларусаў?
Рэферэндуму наконт таго, ці патрэбнае наогул такое свята, не было. Хто вырашыў, што гэты дзень неабходны беларусам, і як так атрымалася, што ўжо пачалося галасаванне пра дату яго правядзення?
— Публічную прапанову пра гэтыя даты агучыў рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Даніловіч на Усебеларускім народным сходзе. Пасля гэтага адбываецца абмеркаванне гэтых дат у розных СМІ. Цяпер галасаванне за даты адкрыта на сайце Усебеларускага народнага сходу. Усе, хто хоча, могуць сваё меркаванне наконт гэтага выказаць, — каментуе Дзермант.
Еўрарадыё: Аднак на сайце УНС беларусаў ужо проста ставяць перад фактам: святу — быць, і прапануюць выбраць дзень яго правядзення з дзвюх спрэчных дат. Як гэта разумець?
— Скажыце, а ці былі тыя, хто не згодны, на УНС? Ці вылучалі дэлегатаў? Ці ўдзельнічалі ў гэтым працэсе? — пытаецца Дзермант. — На УНС было двое прадстаўнікоў апазіцыі — Васкрасенскі і Канапацкая. Паспрабуйце праз іх данесці гэту ідэю, што патрэбны іншыя даты.
Аляксандр Пашкевіч лічыць, што абмеркаванне на УНС пытання аб заснаванні новага свята не прынесла б станоўчых вынікаў:
— Канапацкая і Васкрасенскі ніякая не апазіцыя. Можа быць, раней былі, але цяпер яны аказваюць тыя самыя прапагандысцкія паслугі рэжыму.
Ці патрэбныя Беларусі новыя святочныя даты? А можа, варта прыбраць нейкія з тых, што ўжо існуюць?
— Я лічу, што структура дзяржаўных святаў, якія ёсць на сённяшні дзень, у прынцыпе досыць аптымальная. Асабіста мне не хапала дня адзінства або ўз'яднання — па-рознаму гэта можна называць, — адказвае Аляксей Дзермант.
— Першае, што прыходзіць у галаву, — неабходна выкінуць свята Сёмага лістапада, нікому не патрэбнае свята, якое ніхто не адзначае і нават на дзяржаўным узроўні гэта ўсё фармальнасць, — упэўнены гісторык Пашкевіч. — Яшчэ, магчыма, я перанёс бы Дзявятага траўня на восьмае чысло. Уся Еўропа святкуе Дзень Перамогі восьмага траўня, і суседняя Украіна цяпер святкуе восьмага траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.