Мяняе ролю? Чаму Лукашэнка раптам пачаў падпісваць менш указаў

Лукашэнка сабраўся сыходзіць?

Лукашэнка сабраўся сыходзіць? / @rubanau_collage

Указы Лукашэнкі "маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі" Беларусі — палітык за 30 гадоў знаходжання ва ўладзе выдаў іх тысячы. Але ў апошнія гады іх колькасць раптам зменшылася.

Як заўважыла Еўрарадыё, у 2021 годзе ўказаў было афіцыйна апублікавана 520, у 2022 — 460, а ў 2023 — толькі 416. Чаму? Абмеркавалі з палітычнымі аналітыкамі.
 

"Усё ідзе да таго, што ён будзе выконваць больш наглядальных функцый"

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што гэта звязана з агульным перафарматаваннем сістэмы кіравання краінай.

— Лукашэнка паступова збіраецца разгружаць паўнамоцтвы прэзідэнта, калі хочаце, размяркоўваць іх. З іншага боку, ёсць тэндэнцыя, што пэўныя галіны дзяржаўнага кіравання Лукашэнку вельмі падабаюцца, можна сказаць, ён імі гарыць, напрыклад, пытаннямі, звязанымі з бяспекай. Упэўнены, у гэтай галіне выходзіць вельмі шмат указаў, якія наогул не публікуюцца.

Фрыдман дапускае, што зніжэння колькасці указаў можа і не быць. Іх могуць проста не публікаваць і хаваць ад грамадскасці.

— У цэлым, тэндэнцыя Лукашэнкі зразумелая. Ён цікавіцца бяспекай, знешняй палітыкай, а вось што да аператыўнага кіравання, эканамічных працэсаў, то яны яго цікавяць у значна меншай ступені, таму такіх рашэнняў з яго боку прымаецца менш.

Акрамя гэтага, зніжэнне колькасці ўказаў (калі гэта і праўда мае месца) кажа пра тое, што Лукашэнка мяняе сваю ролю ў дзяржаве. Незалежна ад таго, захоча ён застацца яшчэ на пару гадоў ва ўладзе ці не, усё ідзе да таго, што ён будзе выконваць больш наглядальных функцый, сачыць за працэсамі зверху і адыходзіць ад аператыўнага кіравання, тым больш у яго ўзросце гэтае кіраванне даецца ўсё цяжэй і цяжэй.

Эксперт не лічыць, што гэтыя працэсы сведчаць пра транзіт улады, бо гаворкі пра тое, што Лукашэнка сыходзіць з пасады прэзідэнта, пакуль не ідзе.

— Рычагі ўплыву ў любым выпадку застануцца ў яго, і нават у будучыні, я думаю, ён пакіне за сабой права "вета" і такім чынам усё роўна будзе ўплываць на кіраванне краінай.
 

"Я не бачу тут ніякіх фактараў, якія сведчылі б пра нейкія палітычныя тэндэнцыі"

Палітолаг Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на тое, што, згодна з новай Канстытуцыяй, прэзідэнт не мае права выдаваць дакументы, якія б мелі характар закона.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі