"Давядзецца задумацца": як падзеі ў Казахстане паўплываюць на Лукашэнку?
Нурсултан Назарбаеў і Аляксандр Лукашэнка / ТАСС
Пратэсты, якія нечакана ўспыхнулі ў Казахстане, прыцягваюць шмат увагі беларусаў. З аднаго боку, не так даўно беларусы таксама праходзілі праз этап масавых вулічных пратэстаў. З іншага, Аляксандр Лукашэнка плануе ўнесці папраўкі ў Канстытуцыю, каб быў магчымы транзіт улады "па казахскім сцэнары".
Ці паўплывае сітуацыя ў Казахстане на ўнутраную палітыку ў Беларусі? На гэтую тэму ў эфіры Еўрарадыё выказаўся гісторык Аляксандр Фрыдман.
"Запалаць можа ў любы момант"
"Мне здаецца, тое, што там адбываецца, паўплывае і на грамадства, якое крытычна ставіцца да Лукашэнкі, і на самі беларускія ўлады. [...] Тая мадэль Канстытуцыі, якая прапануецца ў Беларусі, — там таксама ёсць такія ідэйныя запазычанні з Казахстана. І вось што адбываецца ў Казахстане: пратэсты, ніхто не чакаў, што яны будуць, ніхто не чакаў, што яны так хутка стануць такімі радыкальнымі.
Трыгер — так, падвышэнне цэн на газ, але відавочна, што становішча спраў у Казахстане такое, што і іншая падзея магла выклікаць такое. І ў Беларусі такі варыянт цалкам магчымы. Дыктатуры толькі здаюцца стабільнымі, бо яны непразрыстыя, там вельмі складана ацаніць стан грамадства. І запалаць можа ў любы момант. Таму Лукашэнку давядзецца задумацца над тым, як пройдзе далей палітычнае жыццё ў краіне", — кажа гісторык.
Беларусамі ж, на думку Фрыдмана, падзеі ў Казахстане ўспрымаюцца як свайго роду надзея. Ён дадае: сітуацыя ў краіне яшчэ раз пацвярджае сцверджанне пра тое, што "стабільнасць" і "дыктатура" — зусім розныя рэчы.
Трэба было "як казахі"?
Гаворачы пра каментары з крытыкай "кветачак" у часе пратэстаў у Беларусі і Казахстанам у ролі прыкладу "як трэба рабіць рэвалюцыю", гісторык кажа:
"Трэба глядзець тады ў цэлым, што адбываецца ў Казахстане. Мы бачым сутыкненні, захоп будынкаў, выпадкі марадзёрства і гэтак далей. Тыя людзі, якія захапляюцца тым, што адбываецца ў Казахстане, усімі гэтымі праявамі, яны павінны бачыць усё, што адбываецца. У Казахстане справа ідзе да вельмі крывавага варыянта. У казахскай улады сёння застаецца толькі варыянт паспрабаваць патапіць пратэсты ў крыві. Калі паспрабуюць зрабіць так, невядома, як адрэагуе грамадства".
Альтэрнатыва, па словах Фрыдмана, — спрабаваць ісці на перамовы, але незразумела, што з гэтага атрымаецца, таму што яны, "асабліва ў азіяцкім кантэксце", могуць быць успрынятыя як слабасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.