Шрайбман аб праекце Канстытуцыі: галоўны мэсэдж — "калі захачу, тады і сыду"

Арцём Шрайбман / Еўрарадыё​
Арцём Шрайбман / Еўрарадыё​

Праект новай беларускай канстытуцыі — гэта дакумент "максімальна адкладзенага дзеяння", у ім няма ніякіх тэрмінаў, калі Аляксандр Лукашэнка пакіне сваю пасаду, кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман. Аб новай канстытуцыі і расійска-беларускіх адносінах яго пыталі ў эфіры расійскай радыёстанцыі "Эхо Москвы".

Паводле яго слоў, калі Лукашэнка захоча ўвесці Канстытуцыю ў дзеянне па факце, тады і ўвядзе.

"У яго ёсць магчымасць даседзець да 2025 і выбрацца яшчэ на два тэрміны, сумяшчаючы пры гэтым дзве галоўныя пасады ў краіне. Таму гэта такі мэсэдж: калі захачу, тады і сыду", — адзначыў аналітык.

Арцёма Шрайбмана таксама спыталі аб прызначэнні новага амбасадара Расіі ў РБ. Кар'ернага дыпламата Яўгена Лук'янава мяняе цяжкавагавік і сілавік Барыс Грызлоў. Са слоў Шрайбмана, у Мінску "гэта не ўспрымаюць як варожы сігнал". Цяпер паміж краінамі няма вострага канфлікту, які назіраўся падчас кароткатэрміновай дыпламатычнай місіі Міхаіла Бабіча. А ў недзяржаўнай прэсе гэтае прызначэнне ўспрымаюць наступным чынам: Расія пасылае ўплывовага чалавека ў важны перыяд.

"Гэта значыць, што Расія не думае, што Лукашэнка будзе 15 гадоў у Беларусі, за чым можна не сачыць. Мабыць, Расія хоча мець на зямлі цяжкавагавіка падчас транзіту ўлады ў Мінску. Але я б не перабольшваў функцыю амбасадара ў прынцыпе", — падкрэсліў Арцём Шрайбман.  

Аб прызначэнні Грызлова амбасадарам у Беларусі стала вядома ў канцы снежня. Яго кандыдатуру ўжо ўхваліў профільны камітэт Дзярждумы. Грызлоў працуе ў камандзе Пуціна больш за 20 гадоў. У свой час узначальваў МУС, быў старшынёй Дзярждумы, адным з лідараў "Адзінай Расіі", прадстаўніком Расіі ў трохбаковай Кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі