Як Казахстан ахапілі пратэсты

Пратэсты ў Казахстане / Reuters
Пратэсты ў Казахстане / Reuters

"Наразылық" — так па-казахску будзе "пратэст". З гэтым словам Казахстан у пачатку 2022-га нечакана трапіў у сусветныя навіны. У краіне, якая здавалася спакойнай,  успыхнулі акцыі, што не спыняюцца ўжо тры дні.
 

Як усё пачалося

Трыгерам для пратэстаў сталі цэны на звадкаваны газ, якія рэзка выраслі ў краіне з пачатку года. Улады Казахстана растлумачылі гэта пераходам на "цалкам рынкавае фармаванне цэн", але некаторыя падазраюць зацікаўленасць сям'і елбасы Нурсултана Назарбаева ў падвышэнні кошту.

Кіраўнік асацыяцыі арганізацый нафтагазавага і энергетычнага комплексу Kazenergy Цімур Кулібаеў — муж сярэдняй дачкі Назарбаева. А старшыню праўлення нацыянальнай кампаніі "КазТрансГаз" Кайрата Шарыпбаева называюць мужам старэйшай дачкі першага прэзідэнта краіны.

Першыя пратэсты пачаліся ў горадзе Жанаазене, які размешчаны ў багатай на карысныя выкапні вобласці. У гэтым рэгіёне таксама шмат машын на газе. Пазней да жыхароў гэтага горада далучыліся ў Актау, Атырау, Шымкенце, Нур-Султане (Астане) і Алматы.
 

Як на пратэсты адрэагавалі ўлады

Ужо 3 студзеня перад пратэстоўцамі ў Жанаазене выступілі акім вобласці Нурлан Нагаеў і кіраўнік газаперапрацоўчага завода. Нагаеў сказаў пра гатоўнасць АЗС у рамках "сацыяльнай адказнасці" трохі знізіць кошт газу. Аднак пратэсты пасля гэтага не сціхлі.

На наступны дзень, 4 студзеня, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заклікаў пратэстоўцаў да дыялогу. Тады ж у Актау, новым цэнтры пратэстаў (гэта абласны цэнтр), была створана спецыяльная ўрадавая камісія, якая вывучала пытанні цэн на газ.

Ужо праз некалькі гадзін камісія абвясціла пра прыкметнае зніжэнне цэн на газ. Гэта значыць, патрабаванне пратэстоўцаў было выканана, але акцыі не скончыліся, бо яшчэ раней з'явіліся новыя лозунгі, у тым ліку — за змену ўлады. Сярод іншых з'явіўся "Стары, сыходзь!" — заклік да Назарбаева канчаткова сысці з улады.

Нагадаем, у сакавіку 2019-га Назарбаеў нечакана перадаў уладу і сышоў з пасады прэзідэнта ў Канстытуцыйны савет і Савет бяспекі. Цікава, што варыянт абнаўлення Канстытуцыі і патэнцыйнага трансферту ўлады ў Беларусі нярэдка называюць "казахстанскім сцэнаром".

"Народ у Казахстане стаміўся ад аўтарытарнага кіравання, якое не лічыцца з грамадзянскай супольнасцю, не дае менавіта грамадзянам краіны рэалізаваць сваё права на кіраванне краінай. Яно проста душыць грамадзянскія ініцыятывы, — так "Настоящему времени" тлумачыць сітуацыю ў краіне праваабаронца Галым Агелеуаў. — Таму што цяперашняй уладзе не патрэбная грамадзянская нацыя. Ім патрэбныя залежныя падданыя, якія проста працуюць у іх нафтавых кампаніях і абслугоўваюць эліту".

 

Гранаты і падпаленыя машыны

Увечары 4 студзеня пратэсты перайшлі на новы ўзровень: людзі выходзілі па ўсёй краіне. У нейкім сяле выйшаў толькі адзін чалавек (і стаў героем мемаў), у іншых — тысячы. Пачаліся сутыкненні з сілавікамі.

Далей інфармацыя адрозніваецца: ёсць звесткі з сацыяльных сетак і месенджараў, якія не заўсёды могуць аказвацца праўдай. Ёсць тое, пра што паведамляюць мясцовыя прафесійныя СМІ.

Пратэстоўцы аказваюць супраціў сілавікам: з ім біліся, у іх адбіралі дубінкі, падпальвалі паліцэйскія машыны. Сілавікі ў адказ выкарыстоўвалі святлошумавыя гранаты і гумовыя кулі, у буйных гарадах заўважалі спецтэхніку. Зрэшты, да яе выкарыстання пакуль не дайшло.

Ёсць паведамленні пра тое, што частка сілавікоў пераходзіць на бок пратэстоўцаў. З'явіліся і відэа таго, як удзельнікі пратэстаў выкарыстоўваюць адабраную ў сілавікоў зброю.

Хоць Такаеў распусціў урад і ўвёў у частцы краіны надзвычайнае становішча, пратэсты не сціхаюць. 5 студзеня пратэстоўцы захапілі гарадскую адміністрацыю Астаны. Сачыць за апошнімі падзеямі ў краіне можна ў мясцовых незалежных СМІ — напрыклад, у выданняў "Власть" і "Медиазона. Центральная Азия".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі