Дзень Волі можа ператварыцца ў флэшмоб
Але Віталь Рымашэўскі супраць гэтай ідэі. Фармат флэшмобу перакладае адказнасць за акцыю з арганізатараў на ўдзельнікаў, а гэта непрымальна, — лічыць палітык
Актывісты беларускага дэмруху пачалі працаваць над арганізацыяй Дня волі. "Акцыя 25 сакавіка павінна быць масавай, і яна будзе масавай!", — упэўнены Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
"Я думаю, што далучацца шматлікія грамадскія арганізацыі, а не толькі палітычныя акцыі да ладжання гэтай акцыі. І мы дамовіліся, што збор будзе, напэўна, не ля Акадэміі навук, а ў нейкім іншым месцы", — дадаў ён.
Па словах Рымашэўскага, фармат правядзення акцыі 25 сакавіка пакуль не вырашаны. Ёсць верагоднасць, што акцыя будзе праводзіцца ў фармаце флэшмобу, без атрымання дазволу з боку ўладаў. Але сам Рымашэўскі, мяркуе, што заяўку на Дзень волі падаваць варта:
Віталь Рымашэўскі: "Я лічу, што заяўка павінна быць пададзена, бо ў адваротным выпадку арганізатары будуць здымаць з сябе адказнасць за правядзення гэтай акцыі і ўскладаць адказнасць на людзей, якія проста збяруцца. Думаю, што гэта не зусім правільна".
У папярэднім абмеркаванні фармату акцыі, якое адбылося ўвечары 8 лютага, узялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ (Аляксей Янукевіч), Руху "За свабоду", аргкамітэта па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", "Еўрапейскай Беларусі" і "Маладога фронту".
Чакаецца, што 9 лютага падчас абмеркавання дэталёвага плану правядзення акцыі да іх далучацца прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і іншых арганізацыяў, якія ўваходзяць у дэмакратычны рух.
Фота: rymasheuski.org