Дзеянне даведак і дакументаў у Беларусі зноў прадоўжаць з-за COVID-19
Мера тычыцца 190 адміністрацыйных працэдур / Еўрарадыё
У Беларусі з-за COVID-19 зноў прадоўжаць дзеянне некаторых даведак і дакументаў, тэрмін дзеяння якіх скончыўся. Пра гэта газеце "Беларусы і рынак" распавялі ў Мінюсце.
— Дакумент у высокай ступені гатоўнасці, у бліжэйшы час будзе прыняты, — паведаміла прэс-сакратарка міністэрства Вольга Шыбко.
Гаворка ідзе аб прадаўжэнні ўказа Аляксандра Лукашэнкі № 442, які дазваляе цягам паўгода не пераафармляць некаторыя дакументы, калі тэрмін іх дзеяння заканчваўся з 10 лістапада 2020 года да 10 траўня 2021 года. Ён быў прыняты 25 лістапада, у разгар другой хвалі пандэміі коранавіруса.
Тады, калі меркаваць па афіцыйнай статыстыцы, эпідэміялагічная абстаноўка ў Беларусі была супараўнальная з сённяшняй.
Пад дзеянне мінулага ўказа траплялі дакументы па 190 адміністрацыйных працэдурах. Сярод іх даведкі аб праве на льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, аб складзе сям'і і аб месцы жыхарства, копіі асабовых рахункаў, меддаведкі.
Ці будзе зменены пералік працэдур і тэрмін, на які прадаўжаецца іх дзеянне, у Мінюсце не пракаментавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.