Дзмітрый Ус: Цынічна інкрымінаваць мне ўзброены супраціў
Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус мае намер абскардзіць выстаўленае яму сёння абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
"Вінаватым у здзяйсненні масавых беспарадкаў я сябе не лічу. Так, я быў на мітынгу, як грамадзянін, як кандыдат у прэзідэнты. Я заявіў, што выбары былі недэмакратычнымі, што выбарчыя камісіі фальсіфікавалі вынікі выбараў. Я агучыў сваю пазіцыю, пасля сышоў. Я сышоў да разгону акцыі міліцыяй", — паведаміў Ус БелаПАН.
Паводле яго словаў, ён не быў затрыманы міліцыяй на плошчы Незалежнасці. "Інкрымінаваць мне ўзброены супраціў прадстаўнікам улады, арганізацыю масавых беспарадкаў бессэнсоўна і цынічна. Крымінальная справа на мяне сфабрыкаваная следчымі, якія баяцца страціць сваю працу, паколькі іх прызначае Лукашэнка", — сказаў Ус.
Экс-кандыдат мае намер абскардзіць рашэнне аб прызнанні яго абвінавачваным ва ўсіх магчымых інстанцыях.