Дзмітрый Ус: Вызваляць кандыдатаў Еўрасаюзу лепш праз Расію
Кандыдат у прэзідэнты лічыць, што Еўрасаюзу будзе прасцей дамовіцца з Расіяй, якая загнала Аляксандра Лукашэнку ў тупік.
Дзмітрый Ус, які разам з астатнімі кандыдатамі ў прэзідэнты праходзіць па крымінальнай справе аб учыненні масавых беспарадкаў і правёў пэўны час у турме КДБ, даў яшчэ адно інтэрв’ю Еўрарадыё 23 снежня.
Дзмітрый Ус: Расійскія спецслужбы загналі Аляксандра Рыгоравіча ў тунэль, з якога ён ужо ніколі не выйдзе. Ён будзе рабіць усе іх указанні, а калі не, то будзе зрынуты з сваёй пасады. Якія спосабам? Праз нагнятанне сацыяльных праблем — ад недахопу датацый на энэрганосьбіты, за кошт якіх Беларусь практычна жыла. Лукашэнка будзе вымушаны прызнаць Абхазію і Асецію, прадаць МАЗ, іншыя прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці...
Еўрарадыё: Што пытаюць следчыя?
Дзмітрый Ус: Вызначаюць, хто рабіў беспарадкі. Даюць прававую ацэнку кожнаму кандыдату. Яна будзе залежаць ад следчага і ад жадання Лукашэнкі.
Лукашэнка будзе помсціць усім кандыдатам у прэзідэнты, у тым ліку мне. Ён ужо даручыў Зянону Ломацю, Дзяржкантролю правесці праверку "Трывіюма" [выдавецкае прадпрыемства, дырэктарам якога з'яўляецца Дзмітрый Ус. — ЕРБ] у наступным месяцы . Ён чалавек помслівы, ніколі такога не ўпусціць.
Па вызваленні кандыдатаў у прэзідэнты Еўрасаюзу напэўна лепей працаваць праз Расію, з імі будзе прасцей дамовіцца, чым з Аляксандрам Рыгоравічам. Тады ён можа паслухаць і адпусціць..
Еўрарадыё: У кожнага кандыдата асобны следчы?
Дзмітрый Ус: Наколькі я ведаю, так, яны звезлі групу следчых КДБ з усёй краіны. Мяне дапытваў следчы з Брэсцкай вобласці.