Дзяніс Садоўскі: Няма нічога даражэйшага за жыцці людзей

Еўрарадыё: Ніякага адказу іерархаў у СМІ не было. Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД да іх запозна звярнуўся ці іерархаў папросту не цікавіць гэтая тэма?

111130 SadouskiS.mp3

Дзяніс Садоўскі: Тут можна разважаць. Канешне, добра было б звярнуцца раней, можа ў гэтым ёсць наша віна. Рэакцыя між тым была, акурат сёння Рыма-каталіцкі касцёл на Беларусі выступіў з афіцыйнай заявай. Яны выступаюць супраць смяротнага пакарання ў прынцыпе. І канкрэтна ў гэтай сітуацыі – таксама. Так што рэакцыя касцёлу відавочная і адназначная. Наколькі гэта паўплывала і паўплывае – не ведаю. Ад праваслаўнай царквы пакуль ніякай рэакцыі не было. Але калі мы гэтага не бачым, гэта не азначае, што яны не прымаюць ніякіх намаганняў, каб выправіць сітуацыю. Спадзяемся, што нейкія намаганні з іх боку таксама прадпрымаюцца.

Еўрарадыё: Ці была нейкая рэакцыя з боку пратэстанцкай царквы?


Дзяніс Садоўскі: З боку пратэстанцкай царквы рэакцыі па гэтай справе таксама не было. Калі вы памятаеце, з іх боку была жорсткая і цвёрдая рэакцыя на падзеі 19 снежня. Гэта можа быць звязана з тым, што збольшага пратэстанцкая царква не выступае супраць смяротнага пакарання, гэта традыцыйна для пратэстантаў ва ўсім свеце. Хоць безумоўна незалежна ад таго, ці мы за, ці супраць смяротнага пакарання. У сітуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь, у адсутнасці суда ў прынцыпе, нельга караць людзей, калі недаказаная іх віна. А гэта відавочна.

Еўрарадыё: А чаму пратэстанцкая царква не супраць смяротнага пакарання?


Дзяніс Садоўскі: Лічыцца, што чалавека можна стрымаць толькі сур’ёзнай карай. Калі чалавек не мае страху перад смерцю, то ён можа больш тварыць беззаконня. Насамрэч гэта тэалагічнае пытанне, даволі нялёгкае, гэта хутчэй у пратэстантаў трэба пытацца.

Еўрарадыё: Што зараз будзе прадпрымаць БХД у абароне Кавалёва і Канавалава?


Дзяніс Садоўскі: Мы са свайго боку выступалі з заявай па гэтай справе. Самі разумееце, што ў нашай краіне апазіцыя мае няшмат рычагоў. Пакуль іншых ідэяў у мяне няма. Безумоўна, прапагандуем, каб людзі падпісваліся супраць смяротнага прысуду. Ведаю, што сёння была малітва ля Чырвонага касцёла, гэтая тэма была там сёння адной з першых. Веруючыя моляцца, бо няма нічога даражэйшага за жыцці людзей.

Еўрарадыё: А ці маліліся сёння ў касцёлах ці цэрквах за лёс Канавалава і Кавалёва? Ці ўздымалі простыя святары гэтае пытанне?


Дзяніс Садоўскі: Наколькі мне вядома, на жаль, не. Сярод веруючых – так, безумоўна тэма ўздымалася, але не так востра, як гэта патрэбна было рабіць.

Еўрарадыё: А чаму на вашую думку гэтая тэма не закранула нікога апроч журналістаў ды палітычных актывістаў?


Дзяніс Садоўскі: Можа быць справа ў сітуацыі, у якой апынулася Беларусь. Не так шмат хрысціянаў чытаюць апазіцыйную прэсу і сайты. Людзі не ведаюць сітуацыі, не ведаюць, што сёння быў агучаны прысуд. Іншых прычынаў я не бачу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі